20 кастрычніка ў час рабочага візіту на Дзятлаўшчыну прыём грамадзян і прамую тэлефонную лінію ў райвыканкаме правяла начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама Людміла Кеда.

З хвалюючым пытаннем аб якасці аказанай медыцынскай дапамогі да Людмілы Мікалаеўны звярнуўся адзін заяўнік. У ходзе размовы ён атрымаў падрабязныя тлумачэнні.

Наступнай была сустрэча з маладымі спецыялістамі сістэмы аховы здароўя Дзятлаўшчыны. Сёлета рады медыкаў раёна папоўнілі 13 чалавек, пяць з якіх – дактары, адзін бухгалтар, астатнія – сярэдні медыцынскі персанал. У пасяджэнні прымалі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Вадзім Бялятка, галоўны доктар цэнтральнай раённай бальніцы Віктар Яцкевіч, начальнікам аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Вольга Рагачова, першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Вадзім Бялятка расказаў, што літаральна тыдзень таму ў райцэнтры прайшла сустрэча ўсіх маладых спецыялістаў, якія прыехалі працаваць на Дзятлаўшчыну, з кіраўніцтвам раёна, а цяпер у моладзі медыцынскай галіны з’явілася магчымасць падзяліцца сваімі ўражаннямі аб першым рабочым месцы з начальнік галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Гродзенскага аблвыканкама.


Звяртаючыся да прысутных, Людміла Мікалаеўна падкрэсліла, што сёння ў нашай дзяржаве кадравыя пытанні і падтрымка пачынаючых работнікаў знаходзяцца на пастаянным кантролі Прэзідэнта, а таксама абласнога кіраўніцтва.

– Многія правы для маладых спецыялістаў замацаваны на заканадаўчым узроўні, – зазначыла Людміла Кеда. – Сярод іх права на забеспячэнне жыллём, даплаты, сістэма настаўніцтва, іншыя моманты. Такія, як гэта, сустрэчы ладзім на працягу апошніх пяці гадоў. Я выязджаю ў раёны Гродзенскай вобласці, дзе з моладдзю арганізоўваем адкрытыя дыялогі. Заўжды прашу пачынаючых работнікаў расказваць, якія наспелі пытанні, што можна палепшыць у рабоце. Размовы даюць свой плён, бо многія з вас праходзілі практыку ў гарадах, бачылі, як там працуе сістэма аховы здароўя. Цяпер вы прыехалі ў раён, разумееце, як арганізавана работа, якога абсталявання не хапае, якія працэсы можна ўдасканаліць. Безумоўна, у некаторых выпадках мы патлумачым, чаму павінна быць так, а не інакш, аднак многае ўлічым, каб у далейшым палепшыць. Пастараемся зрабіць усё магчымае, каб вам падабалася выбраная спецыяльнасць і вы з задавальненнем хадзілі на работу, бо вельмі шмат залежыць менавіта ад першых уражанняў.

Пачынаючыя медыкі актыўна ўключыліся ў дыялог, атрымалася жывая размова. Кожны расказаў пра сябе: як прынялі на працоўным месцы, з якімі цяжкасцямі давялося сустрэцца, што спадабалася і парадавала, якую падтрымку аказалі, а што можна ўдасканаліць. Напрыклад, фельчар Казлоўшчынскага перасоўнага ФАПа Ягор Лабовіч станоўча ацаніў камплектацыю і функцыянальнасць медыцынскага транспарту, на якім працуе, і зазначыў, што адзінае, чаго не хапае – гэта магчымасці рабіць флюараграфію пацыентам на месцы ў час выездаў у сельскія населеныя пункты. Доктар псіхіятр-нарколаг Дзятлаўскай ЦРБ Антаніна Чарняк папрасіла разгледзець магчымасць паквартальнага выезду ў Дзятлаўскі раён камісіі медыкаў па зняцці з наркалагічнага ўліку пацыентаў, якія знаходзяцца ва ўстойлівай рэмісіі, паколькі на сёння такім грамадзянам неабходна ездзіць у горад Слонім. Прагучалі і іншыя рацыянальныя прапановы, якія былі ўзяты на карандаш.


Адчувалася, што маладым работнікам у нашым раёне надаецца вялікая ўвага і яны заўжды могуць заручыцца парадамі старэйшых больш вопытных калег, а таму бачаць перспектывы рэалізацыі ў прафесіі, кар’ернага росту.


Напрыканцы пасяджэння Людміла Кеда падзякавала за дыялог і падкрэсліла, што падобныя сустрэчы сапраўды карысныя, бо дазваляюць наладзіць зваротную сувязь, каб матываваць і падтрымаць тых, хто толькі пачынае свой працоўны шлях у галіне медыцыны, пажадала людзям у белых халатах моцнага здароўя, плённай працы на карысць пацыентаў і заўжды дабівацца пастаўленых мэтаў.

Праграму візіту прадоўжыла наведванне будаўнічай пляцоўкі ў гарадскім пасёлку Наваельня, дзе Людміла Кеда ўбачыла, як ажыццяўляецца ўзвядзенне новай мясцовай паліклінікі, і даведалася ў намесніка старшыні райвыканкама Дзмітрыя Баравіка і будаўнікоў, на якой стадыі знаходзяцца работы.









Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga