Чарговае пасяджэнне жаночага клуба “Карані смаку” прайшло ў раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці.

Гэтым разам яго кіраўнік Ганна Харлінская прапанавала дзятлаўчанкам здзейсніць падарожжа назад у мінулае – дзе пахла хлебам, гучалі песні і танцавалі нашы продкі:

– Мы пойдзем туды, дзе жылі нашы бабулі і прабабулі. Дзе не было ні электрычнасці, ні газавай пліты, ні пральнай машыны, ні нават… звычайнай кававаркі. Вы скажаце: “Навошта нам гэта? Мы ж жывём у XXI стагоддзі”. А я адкажу: каб зразумець, якія мы шчаслівыя, і ўспомніць, якімі моцнымі былі нашы продкі. Гэта не проста сустрэча, а “бітва эпох”.

Госці ўзгадалі даўнейшыя рэчы, многія з якіх сённяшняе маладое пакаленне наўрад ці ведае. Чым была для нашых продкаў печка, чаму менавіта такая канструкцыя ў калодзежа-жураўля, як карысталіся пранікам і качалкай, чаму ніякая тэхніка не заменіць тарку і “церла”, што значылі для жанчыны калаўрот і верацяно – знайшлі адказы на пытанні і з дапамогай гэтых рэчаў у гульнявой форме паспрабавалі пражыць адзін дзень у бабулінай хаце.

Раней людзі не толькі працавалі да сёмага поту, але і ўмелі адпачываць ад душы, у іх была свая дыскатэка – вячоркі. “Лявоніха”, “Кракавяк”, “Падыспань”, “На рэчаньку” – кожны танец быў цэлай гісторыяй, жыццём. У Дзятлаўскім раёне ёсць свае захавальнікі памяці, якія ведаюць, як танцавалі нашы бабулі, – гэта народны тэатр-студыя гульні ”Суседзі”. На сустрэчы яны паказалі сваё майстэрства і правялі для ўдзельніц клуба майстар-клас па самых галоўных бытавых танцах нашых продкаў.

А што ж было галоўным на сталах нашых продкаў? Вядома ж, хлеб. Без яго не садзіліся за стол, не праводзілі ў дарогу, не сустракалі госця. Хлеб пяклі адзін раз на тыдзень – у суботу. І гэта быў цэлы рытуал. Не па чутках ведае пра ўсе асаблівасці выпечкі хлеба Марына Ажахоўская з Новаяльнянскага дома культуры, якая не толькі падзялілася сакрэтамі яго прыгатавання, але і прынесла пакаштаваць духмяны дамашні хлеб.

Ганна Харлінская адзначыла, што нашы продкі ведалі толк у сапраўдным смаку, і прапанавала запусціць кнігу рэцэптаў з мінулага ў будучыню, у якую будуць запісвацца рэцэпты нашых бабуль.

А напрыканцы сустрэчы гаспадыня запрасіла ўсіх паспрабаваць стравы, якія раней былі на стале ў беларусаў: каравай толькі з печы (дарэчы, яго прыгатавала матуля Ганны Валяр’янаўны – Марыя Кардаш), масла, тварожны сыр, варэнне, травяны чай – усё простае, дамашняе, зробленае з душой, ад гэтага і такое смачнае.

– Дзякуй вам за гэту сустрэчу, за вашы ўсмешкі, сэрцы. Не забывайце свае карані, сваіх бабуль. Не забывайце, хто вы. Таму што пакуль вы памятаеце – яны жывыя, – адзначыла Ганна Харлінская.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#годбелорусскойженщины #нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Школьны мерыдыян

Школьны мерыдыян

19 октября, 2026
Безопасность в каждый дом: как согреть жилье без риска для жизни
ДТЗ з жывёлай на Дзятлаўшчыне

Похожие публикации