Дзве суботы запар – 10 і 17 кастрычніка кірмашы-продажы сельскагаспадарчай прадукцыі праходзяць адразу ў трох населеных пунктах – гарпасёлках Наваельня і Казлоўшчына, а таксама аграгарадку Гезгалы.

Ужо чакана, у Наваельні бойкі гандаль пачаўся яшчэ да афіцыйнага адкрыцця кірмашу, чэргі выстраіліся па зерне і капусту, пад’язджалі машынамі, бралі адразу па некалькі мяхоў. Калі першы актыўны попыт спаў, кірмаш увайшоў у свой стабільны рытм: надзвычайнага ажыятажу не назіралася, але гандаль ішоў бойка.

Гэтым разам у Наваельню сваю прадукцыю прывезлі два сельгаспрадпрыемствы раёна: ААТ “Граніт-Агра” – зерне і крупы, а КСУП “Жукоўшчына” – агародніну. Вялікі выбар капусты, буракоў, морквы, нават журавінаў і мёду прадставілі прыватныя прадпрымальнікі. Былі тут кветкі, саджанцы і адразу дзве кропкі продажу свежай рыбы, якую прывезлі госці з Лактышоў і мясцовыя рыбаводы. Здаецца, усяго хапала, акрамя цыбулі.

– Сёння гандлюем бульбай гатунку “скарб” па 60 капеек за кілаграм, морква і буракі – па 80 капеек, – расказала загадчыца гандлёвых аб’ектаў Ганна Кузюк. – Ёсць у нас боркаўскі мясцовы крухмал па 5 рублёў 54 капейкі за кілаграм. Таксама прывезлі яблыкі па цане 1 рубель 14 капеек, але сёлета ва ўсіх яны ўрадзілі, таму не асабліва бяруць. Купляюць найбольш бульбу, але не сказаць, каб шмат.

З бульбай і капустай, акрамя прадпрымальнікаў, выставіліся і асобныя гаспадары, у якіх гэта агародніна добра ўрадзіла. Прадукцыю са свайго падворка прадставілі і нашы госці з Навагрудчыны.

– Мы прывезлі ўсё са свайго агарода, – расказала навагрудчанка Галіна. – Памідоры розных гатункаў, зяленіва, саджанцы сартавых клубніцаў. Звычайна гандлюем на рынку ў Навагрудку, на кірмашы ўпершыню, дзякуй кіраўніцтву Дзятлаўскага райвыканкама за запрашэнне.

Новаяльнянцы і госці пасёлка гандлем зававолены, яны падзяліліся сваім меркаваннем.

Ала Хрышчановіч:

– Я ўжо другі раз тут, раніцай купілі зерне курачкам. Цяпер прыйшла па рыбку свежую, яшчэ вазьму капусты, пагляджу буракі. Кірмаш добры, я тут знайшла ўсё, што хацела. А калі камусьці нечага не хапіла, можна праз тыдзень яшчэ раз прыйсці.

Дзмітрый Гульнік:

– Не стаў чакаць, пакуль кірмаш будзе ў Дзятлаве, прыехаў сюды па капусту, будзем рабіць нарыхтоўкі на зіму. Таксама набыў пакрыху іншай агародніны.

Алена Артушэўская:

– Усю агародніну вырошчваю ў сябе на прысядзібным участку, а на кірмаш прыйшла па свежую рыбу і саджанцы хрызантэмы. Зручна, што ўсё блізка, можна пешшу прагуляцца.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации