Яны ўмеюць падарыць пазітыўны настрой, закрануць самыя тонкія струны душы, парадаваць ці прымусіць задумацца – усё гэта пра работнікаў важнай сферы, без якіх у нашым жыцці не было б музыкі, танцаў, прыгожых карцін, глыбокіх эмоцый. Напярэдадні прафесійнага свята пагаварылі з загадчыцай сектара культуры райвыканкама Таццянай Ваніслаўчык. 

– Таццяна Пятроўна, вы адносна нядаўна ўзначалілі сферу культуры раёна, для вас гэта работа, творчасць ці заклік душы?

– Наша сфера – вялікі жывы арганізм, кіраваць ім – значная адказнасць, таму я б не стала раздзяляць паняцці: кожная з граняў праяўляецца штодзённа. Як работа – гэта дакладная арганізацыя і кіраванне працэсамі, умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, каардынацыя шматлікіх маштабных мерапрыемстваў, дзе без дысцыпліны, планавання, адказнасці не абысціся. Як творчасць – культура не церпіць шаблонаў. Наш раён багаты на традыцыі, унікальныя фестывалі, брэнды. Каб яны развіваліся, былі цікавыя сучаснаму гледачу, прываблівалі гасцей, неабходны пастаянны пошук новых формаў, свежых ідэй, крэатыўных падыходаў. Прызванне – гэта тое, без чаго ў нашай сферы немагчыма затрымацца. Работа ў культуры патрабуе каласальнай эмацыянальнай аддачы, шчырай любові да людзей, малой радзімы, народнай спадчыны. Нельга натхніць калектывы і запаліць сэрцы гледачоў, калі сам не гарыш справай. Для мяне гэта не проста пасада, а лад жыцця, дзе адміністрацыйныя задачы цесна пераплецены з творчым пошукам і шчырым жаданнем рабіць культурнае жыццё раёна яркім і багатым.  

– Кім і чым ганарыцца Дзятлаўшчына культурная?

– Унікальнымі творчымі калектывамі, імёнамі, вядомымі далёка за межамі раёна, людзьмі, якія на сваіх працоўных месцах ствараюць тое, што завецца “культурны брэнд рэгіёна”. Візітоўкай Дзятлаўшчыны з’яўляецца народны тэатр-студыя гульні “Суседзі” (кіраўнік Людміла Баклушына). Ён прадстаўляе культурны і турыстычны патэнцыял раёна на маштабных рэспубліканскіх пляцоўках, у тым ліку Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур. Яркі крэатыўны праект Івана Каско – студыя роставых лялек “Яркае свята для ўсіх”, развівае сучасныя формы дзіцячай святочнай культуры. Удзел у мерапрыемствах узроўню Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” падкрэслівае прызнанне выканаўчага майстэрства скрыпачоў узорнага ансамбля “Зорачкі” (Алена Кашко). Статус сапраўдных берагінь беларускіх народных традыцый маюць народны фальклорны калектыў вёскі Ахонава (Таццяна Загорцава) і народны ансамбль песні “Заранка” (Людміла Маер) – юбіляры 2026 года (40 і 20 гадоў). Дзякуючы ахонаўскім выканаўцам, захоўваецца старажытны земляробчы абрад “Юр’е”, які стаў першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзеншчыны, занесеным у Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі. Яркім прадстаўніком Дзятлаўшчыны на рэспубліканскіх конкурсах і балях, арганізатарам запамінальнага раённага “Вясенняга балю ў Тызенгаўза” з’яўляецца калектыў Анатоля Кардаша “Эліт Данс”. Пастаянным упрыгажэннем маштабных святаў сталі народныя калектывы: хор ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” (Таццяна Шостка), духавы аркестр гарпасёлка Наваельня (Сяргей Майсюк), аматарскі калектыў “Дзятлаўскі калейдаскоп” (Ірына Цыгель і Ангеліна Лабарэвіч), іншыя. Вядучымі майстрамі аддзела традыцыйных мастацтваў і рамёстваў (Валянціна Гнаінская) Сяргеем Балыковым, Анатолем Кардашом, Вольгай Барабан, Марынай Лотыш развіваюцца дэкаратыўна-прыкладныя брэнды і тэхнікі, праводзяцца міжрэгіянальныя майстар-класы і практыкумы з прыцягненнем экспертаў з усёй Беларусі. Яны прадстаўляюць наш раён і вобласць на буйных рэспубліканскіх святах.

– Як мяняецца і абнаўляецца “культурная карта” нашага раёна, якія запыты ў сучаснага гледача і турыста?

– Абнаўляецца дынамічна за кошт маштабнай мадэрнізацыі ключавых аб’ектаў, у тым ліку капітальнага абнаўлення экспазіцый Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, змяшчэння акцэнтаў у бок інтэрактыўных і эмацыянальных турыстычных маршрутаў. Актыўна папулярызуюцца маршруты, якія ахопліваюць палац Радзівілаў-Солтанаў, касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, сядзібу Ігната Дамейкі, сляды яўрэйскай спадчыны. Папулярныя водныя маршруты па рацэ Шчара, што аб’ядноўваюць прыродны турызм з наведваннем мемарыялаў спаленых вёсак. Сучасным гледачам і гасцям ужо недастаткова проста паглядзець на вітрыны, запатрабаваны тэатралізаваныя экскурсіі, квэсты, інтэрактыўныя заняткі, дзе можна дакрануцца да старадаўняга побыту. Адзначаецца і рост цікавасці да аўтэнтычных дэталяў: мясцовай кухні, маляўнічых ландшафтаў, легендаў аб падземных хадах.

– Якой бачыце будучыню сферы, раскажыце пра планы?

– Сярод ключавых кірункаў і планаў развіцця – культурна-пазнавальны турызм, дзе адзін з галоўных прыярытэтаў – узаемадзеянне ўстановаў культуры з турыстычным інфармацыйным цэнтрам, абнаўленне і развіццё інтэрактыўных анімацыйных праграм з элементамі тэатралізацыі, у тым ліку арыентаваных на адпачывальнікаў санаторыя “Радон”. Гэты кірунак мяркуецца маштабіраваць, ператвараючы лакальную гісторыю ў жывыя турыстычныя брэнды. Прадоўжым захаванне і папулярызацыю нематэрыяльнай культурнай спадчыны. За кошт праектаў “Глыбінкай жыве Беларусь”, “КнігаЗУвагай” і “Мабільная культура” будуць развівацца выязныя канцэрты і сацыяльныя праграмы для жыхароў аддаленых вёсак і аграгарадкоў, каб культура заставалася даступнай для кожнага. На базе дзіцячых школ мастацтваў і філіялаў мяркуецца адкрываць новыя напрамкі музычна-эстэтычнага выхавання дзяцей і моладзі, раён нацэлены на ўтрыманне высокай планкі ўдзелу ў творчых конкурсах. Прадоўжацца інфраструктурныя абнаўленні і папаўненне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановаў. Адным словам, сфера культуры Дзятлаўшчыны імкнецца стаць больш сучаснай, тэхналагічнай, адкрытай, захоўваючы шчырую душэўнасць і глыбокую сувязь з гісторыяй свайго краю.

– За бляскам святаў стаіць тытанічная праца, аб чым важным і непрыкметным для гледачоў хацелі б нагадаць?

– Арганізацыя любога свята – гэта мастацтва рабіць складанае непрыкметным. Лепшая пахвала для нашай каманды, калі гледачы нават не задумваюцца, якіх намаганняў каштуе тое ці іншае мерапрыемства.

– Чаго пажадаеце калегам?

– Моцнага здароўя, невычэрпнага натхнення, смелых творчых ідэй, гучных прэм’ер і поўнага аншлагу на любых падзеях. Няхай наша работа нясе людзям радасць, а дома пануюць утульнасць, гармонія і каханне.

Цікавыя лічбы:

— у раёне працуюць 177 работнікаў культуры, з іх 35 мужчын;

— сферу складаюць адна раённая бібліятэка і 9 яе філіялаў, Цэнтр культуры, пры якім 7 клубных установаў (4 – у сельскай мясцовасці), 2 дзіцячыя школы мастацтваў, столькі ж філіялаў і 4 аддзяленні, адзін музей;

— зарэгістравана 13 творчых калектываў, сярод якіх 4 узорныя, 9 народных;

— сёлета праведзена 1639 мерапрыемстваў;

— атрымана 206 узнагарод.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации