Восень – час падводзіць вынікі і наводзіць парадкі. Дрэвы ўжо пачалі скідваць рознакаляровае лісце, а дзятлаўчане выйшлі на першы асенні суботнік.

– Згодна з рашэннем райвыканкама месячнік па добраўпарадкаванні пройдзе на Дзятлаўшчыне з 8 кастрычніка па 6 лістапада. Сёння надвор’е спрыяе актыўнай працы на свежым паветры, і работнікі арганізацый масава выйшлі, каб прыбраць першае апалае лісце каля сваіх установаў, у гарадскіх парках або на месцах, замацаваных за адказнымі. Упэўнены, што на працягу месяца практычна кожны дзятлаўчанін паўдзельнічае ў навядзенні парадку на сваёй малой радзіме, каб вуліцы і скверы былі прыгожымі, чыстымі і ўтульнымі, – адзначыў намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Баравік.

Удзельнікі суботніка падзяліліся сваімі меркаваннямі.

Сняжана Жук, галоўны спецыяліст аддзела землеўпарадкавання райвыканкама:

– Ужо стала традыцыяй, што на любых грамадскіх ініцыятывах калектыў райвыканкама – у ліку першых. Як заўсёды, выходзім працаваць вялікай камандай у гарадскі сквер па вуліцы Міцкевіча, падаём прыклад астатнім, каб таксама далучаліся да навядзення парадку ў горадзе. Працуецца сёння лёгка, бо надвор’е радуе і кампанія прыемная.

Алена Гуль, спецыяліст па сацыяльнай рабоце раённага Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва:

– Працаваць мы любім і ўмеем, а талакі нават работа баіцца. Надвор’е цудоўнае, настрой выдатны. Усе прыйшлі на працу з неабходным інвентаром, каб пасля абеду прыступіць да работы. Прыбіраем парк, які не так даўно высадзілі каля нашай арганізацыі. Ён падрос і ўжо радуе прахожых. Навядзём парадак, каб тут было прыемна гуляць дзецям і дарослым.

Іна Нічыпаровіч, педагог сацыяльны сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава:

– Сёння выйшлі на суботнік сваім невялікім дружным калектывам, каб навесці парадак на тэрыторыі каля нашай установы. Надышоў час прыбіраць лісце, яго сёлета шмат, але разам мы справімся. Адметна, што сёння працуюць практычна ўсе арганізацыі горада, а таму хутка паўсюль будзе чыста. Пакуль надвор’е дазваляе, чаму б не папрацаваць?

Іван Валчкевіч, камандзір аддзялення ўзвода міліцыі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы:

– Сёння наводзім парадак на неэксплуатуемым зямельным участку. Такія месцы таксама неабходна чысціць, каб наш горад быў прыгожым і ўтульным. Увогуле мы штогод удзельнічаем у падобных акцыях як унутры ведамства на сваёй тэрыторыі, так і ў раённых суботніках. Гэта справа карысная і неабходная не толькі дзеля прывабнага віду вакол, але і для саміх работнікаў, бо заўжды добра фізічна папрацаваць. 

Наталля АВЯРЧУК, Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации