Напярэдадні Дня пажылых людзей Дзятлаўшчына далучылася да агульнарэспубліканскага кірмашу вакансій для пажылых людзей і інвалідаў.

28 верасня мерапрыемства сабрала спецыялістаў і наведвальнікаў кірмашу ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Прысутных павітала намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне – начальнік аддзела па працы і занятасці райвыканкама Таццяна Дорда:

– На працягу тыдня ў Беларусі да Дня пажылых людзей праводзяцца агульнарэспубліканскія кірмашы вакансій. Іх удзельнікі маюць магчымасць сустрэцца з наймальнікамі, даведацца пра прапановы, якія цікавяць, прайсці субяседаванне, а таксама атрымаць кансультацыі спецыялістаў па пытаннях працаўладкавання.

Намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік раздала прысутным брашуры-памяткі аб патрабаваннях пенсійнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь.

Загадчыца аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі, абілітацыі інвалідаў, падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання і комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі Цэнтра сацыяльнага забеспячэння насельніцтва Дзятлаўскага раёна Іна Жыбко расказала аб аказанні сацыяльных паслуг. Яна патлумачыла, хто мае права на бясплатнае або на ўмовах частковай аплаты абслугоўванне на даму, як афармляецца гэта працэдура і колькі разоў на тыдзень да чалавека пэўнай катэгорыі будзе прыходзіць сацыяльны работнік. Нагадала, што на Дзятлаўшчыне ў катэгарыраваных жыхароў ёсць магчымасць пасяліцца ў кватэру або дом самастойнага сумеснага пражывання ці аформіць паслугу доўгатэрміновага догляду або пражывання ў замяшчальнай сям’і, сацыяльным пансіянаце. Заклікала звяртацца па такіх пытаннях у аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму.

Правілы бяспекі ў побыце ў час ацяпляльнага сезона нагадала інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Дзятлаўскага РАНС Алена Дзісько. Спынілася на патрабаваннях пры выкарыстанні пячнога ацяплення, а таксама ацяпляльных прыбораў у жылых памяшканнях, заклікала ўстанаўліваць у спальных пакоях аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, якія ўратавалі не адзін дзясятак чалавечых жыццяў. Спецыяліст падкрэсліла, што падобная прафілактычная інфармацыя сёлета асабліва актуальная для дзятлаўчан, паколькі ў раёне ўжо адбылося 30 пажараў, а гэта больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.  

Як карыстацца парталам дзяржаўнай службы занятасці ўдзельнікі кірмашу вакансій даведаліся з тэматычнага відэароліка.

Пасля інфармацыйнай часткі ў кожнага, хто прыйшоў, была магчымасць асабіста пагутарыць з патрэбнымі наймальнікамі і спецыялістамі.

Сустрэчу пракаменціравала намеснік начальніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Савань:

– Падобныя агульнарэспубліканскія кірмашы вакансій да Дня пажылых людзей на Дзятлаўшчыне ладзяцца не першы год. Як правіла, заклікаем на іх жыхароў раёна перадпенсійнага ўзросту, асобаў з інваліднасцю, не абыходзім увагай пенсіянераў. На сустрэчах імкнёмся пазнаёміць прысутных з работай дзяржаўнай службы занятасці, арганізаваць прамыя кантакты з наймальнікамі, у цэлым нагадаць аб пенсійным заканадаўстве краіны.

На сёння ў раённым банку вакансій іх 414 і больш за 60 % – па рабочых прафесіях. Зразумела, што не ўсе яны прыдатныя для наведвальнікаў гэтага кірмашу, бо ў людзей з інваліднасцю, а нярэдка і ў жыхароў перадпенсійнага, пенсійнага ўзросту ёсць пэўныя абмежаванні па стане здароўя або складае праблему аддаленасць працоўнага месца ад месца жыхарства. Тым не менш, кожны выпадак разглядаем індывідуальна, стараемся падабраць прыдатныя прапановы.

Сёння на Дзятлаўшчыне найбольш запатрабаваны дактары-спецыялісты, медыцынскія сёстры, ёсць патрэба ў ветэрынарных дактарах, заатэхніках, вадзіцелях, трактарыстах. Што тычыцца рабочых спецыяльнасцяў, патрэбны жывёлаводы, аператары машыннага даення, санітары, прыбіральшчыкі, падсобныя рабочыя, прадаўцы, павары.

Ірына СТЫРНІК

 Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации