Восень – шчодрая пара, калі падводзім вынікі ўраджайнага года і славім хлебаробаў, чыімі рукамі здабыты багаты каравай. У ім – карпатлівая праца ад рання да цямна іншых механізатараў і вадзіцеляў, а таксама веды, клопат і ўвага жанчын, без якіх немагчыма сёння ўявіць сельскую гаспадарку Дзятлаўшчыны. Аб выбары прафесіі, сакрэтах высокага ўраджаю і матуліных справах распыталі галоўнага агранома ААТ “Граніт-Агра” Алену Майсейчык.
– Алена Сяргееўна, вы заўсёды марылі працаваць у сельскай гаспадарцы?
– Нарадзілася і вырасла я ў Круцілавічах. Тут з самага ранняга дзяцінства сельская гаспадарка была паўсюль: у полі непадалёку камбайны хадзілі, міма дома грузавыя машыны праязджалі. Матуля таксама працавала ў мясцовай гаспадарцы, але я першапачаткова не планавала прадоўжыць дынастыю. Будучы выпускніцай, мроіла аб прафесіі доктара, нават дакументы падала ў ВНУ, але да ажыццяўлення мары не хапіла аднаго бала. На сямейным савеце вырашылі не абмяжоўвацца каледжам, а паступаць ва ўніверсітэт, толькі па іншай спецыяльнасці. Так, з ЦТ па хіміі, біялогіі і мове я падала дакументы ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт.

– Якімі былі вашы першыя крокі ў прафесіі?
– Па той прычыне, што дакументы я падавала пасля асноўнага набору, вучыцца давялося на ўмовах аплаты, а таму абавязковага размеркавання ў мяне не было. Тым не менш, я выбрала работу на малой радзіме, бліжэй да дома. Як цяпер помню, афармлялася ў ААТ “Граніт-Агра” памочнікам загадчыка вытворчага ўчастка “Круцілавічы” ў раслінаводстве. Адчуванне – быццам прыехала да сваёй сям’і пасля развітання: усе мясцовыя, знаёмыя, адносіліся з разуменнем і спагадай, ахвотна дапамагалі і дзяліліся вопытам. Як і бывае часта, тэорыя не супала з практыкай. У жыцці ўсё не так, як напісана ў падручніку: нас добра вучылі працаваць у ідэальных умовах. У рэальнасці падыходы да справы ідуць не ад тэорыі, а ад умоваў і рэсурсаў, якія ёсць тут і цяпер. Маім першым настаўнікам у гаспадарцы, які навучыў мяне ўсяму, што трэба ведаць у практычнай рабоце, быў наш былы галоўны аграном Антон Тарасевіч. Дзякуючы яму, я ведаю тое, чым і сёння карыстаюся ў рабоце, маю навыкі і развіваю аграрную інтуіцыю.
– Ці хутка прадставілася магчымасць узначаліць агранамічную службу сельгаспрадпрыемства і якія былі адчуванні?
– Былі слёзы… Было страшна не справіцца, бо ААТ “Граніт-Агра” – гэта ўзровень, гэта флагман раёна ў аграрнай сферы, адпаведна і вялікія аб’ёмы. Нарэшце прыйшла да думкі, што трэба проста браць і працаваць, кожны дзень вырашаць бягучыя задачы, разлічваць перспектывы, прымаць рашэнні і браць адказнасць за іх. Калі пачынала галоўным аграномам, у гаспадарцы было каля 7300 гектараў земляў, а ўжо калі ў 2020 годзе я выходзіла з дэкрэтнага адпачынку, дадалі ўчастак “Белагурна” і тэрыторыя стала вялізнай. Цяпер засяваем пад 10 тысяч гектараў земляў.
– Якія культуры вырошчваеце традыцыйныя для гаспадаркі, якія з’явіліся новыя за гэтыя гады?
– Ёсць свой стандартны пералік, прадыктаваны патрэбамі жывёлагадоўлі: каб карміць пагалоўе буйной рагатай жывёлы і свіней, вырошчваем збожжавыя і кукурузу. Вярнулася ў пералік сельгаскультур соя, якую гадавалі каля 15 гадоў таму, белы люпін. Сёлета мы вярнуліся да вырошчвання яравога рапсу, якога ў нас доўгі час не было.

– Падзяліцеся сакрэтам добрага ўраджаю.
– Тут няма сакрэтаў, усё на паверхні: каб збожжавыя і зернебабовыя культуры добра ўрадзілі, павінны сысціся разам усе ўмовы: надвор’е, фінансавая база, а гэта значыць – добрая хімія і ўсе неабходныя ўгнаенні, своечасовая ўборка і дапрацоўка. Наш вынік – гэта плён работы вялікай каманды, дзе кожны хварэе за вынік.
– Але надвор’е ўсё часцей робіць аграрыям непрыемныя сюрпрызы. Як спраўляецеся з імі?
– Ужо трэці год для раслін у перыяд вегетацыі выкарыстоўваем амінакіслоты – выдатны антыстрэс-прэпарат, які знімае і наступствы замаразкаў, засухі, невялікія агрэхі з ужываннем хіміі. У час уборкі – заўсёды на нізкім старце, ловім кожную хвіліну без дажджу, часам механізатары з тэхнікай чакаюць проста ў полі, пакуль распагодзіцца і ветрыкам прадзьме ўраджай. На сушыльных комплексах у нас працуюць сапраўдныя прафесіяналы, таму кожнае зярнятка дайшло ад поля да засекаў.

– Сёлета ААТ “Граніт-Агра” – у тройцы лідараў па выніках жніва. Ці задаволены ўраджаем?
– Сезон завяршаем з добрымі вынікамі. План быў намалаціць не менш за мінулагодні вынік, і мы перасягнулі гэту адзнаку. Нарыхтавалі добрую кармавую базу для кароў і свіней, засыпалі насенне. Пачынаецца асенняя пасяўная кампанія, будзем старацца пасеяць усё ў аптымальны тэрмін, каб расліны паспелі распусціцца і ў спрыяльнай фазе сышлі ў зімоўку.
– Як удаецца сумяшчаць работу галоўнага агранома такога вялікага прадпрыемства і абавязкі мамы?
– Балансаваць паміж работай і сям’ёй – самае складанае. Муж працуе механізатарам таксама тут, у гаспадарцы, усю ўборачную кампанію – на камбайне. Мы абодва дома толькі начавалі. Дзякуй бабулям, яны – наш надзейны тыл і першыя памочніцы ў любых сітуацыях. А дома я ўжо прывыкла пазней за ўсіх класціся спаць і раней за ўсіх уставаць, каб усё паспець да работы. Ужо завяршылася самая гарачая пара жніва, дачушка пайшла ў першы клас, таму стараюся як мага больш часу ўдзяліць ёй, урокам і часу з сям’ёй.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#годбелорусскойженщины #нашелучшее #нашалепшае