Першага верасня для нас, адзінаццацікласнікаў сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, – гэта не проста мяжа, якая аддзяляе ад дарослага жыцця, але і час вызначэння галоўных арыенціраў. Першы тэматычны ўрок “Веды сёння – сіла і росквіт Беларусі заўтра” прайшоў у фармаце адкрытага і жывога дыялога. Удзельнікамі сустрэчы сталі людзі, чый жыццёвы шлях даказвае: сапраўдны поспех нараджаецца дзякуючы ведам і пастаяннай самаадукацыі, з працы, вернасці справе і шчырай любові да роднай дзятлаўскай зямлі.

Мы, будучыя выпускнікі, атрымалі магчымасць паразмаўляць з кіраўнікамі, якія сёння вызначаюць эканамічны складнік нашага рэгіёна: дырэктарам ТАА “Чатыры Сонцы” Андрэем Статкевічам і намеснікам дырэктара па ідэалагічнай рабоце Дзятлаўскага лясгаса Аляксеем Урбановічам, выпускнікамі нашай школы.

Аляксей Урбановіч захапіў нас расказам пра лясное багацце Дзятлаўшчыны. Ён наглядна паказаў, што сучасная лясная гаспадарка – гэта высокатэхналагічная сфера, дзе важныя і дакладны разлік, і лічбавыя інавацыі. Але галоўным фактарам поспеху ўсё роўна застаюцца людзі, якія штодзень клапоцяцца аб зялёным фондзе краіны.

У сваю чаргу, Андрэй Статкевіч падзяліўся асабістай гісторыяй стварэння і развіцця дрэваапрацоўчага прадпрыемства. Яго выступленне стала выдатным прыкладам таго, як веды, смеласць, бізнес-мысленне і ўпартая праца дазваляюць пабудаваць запатрабаваную вытворчасць, якая забяспечвае працоўныя месцы жыхарам раёна.

Галоўны пасыл гасцей быў просты і пераканаўчы: каб рэалізаваць сябе і быць паспяховым, зусім не абавязкова выязджаць у мегаполісы – заявіць пра сябе і прыносіць карысць можна на малой радзіме, але для гэтага неабходныя веды і ўкараненне новых тэхналогій.

Дыялог атрымаўся дынамічным і пазнавальным: старшакласнікі задавалі пытанні аб запатрабаванасці прафесій, тонкасцях кіравання калектывам і кар’ерных перспектывах на прадпрыемствах Дзятлаўшчыны. Мы ўбачылі рэальныя прыклады таго, як веды, атрыманыя ў школе, дапамагаюць у рэальным бізнесе і вытворчасці.

Супрацоўніцтва паміж школай і вядучымі прадпрыемствамі раёна ўжо даўно выйшла за межы звычайных візітаў. Дзятлаўскі лясгас і ТАА “Чатыры Сонцы” актыўна падтрымліваюць установу адукацыі ў яе паўсядзённым жыцці. Яркім і важным момантам сустрэчы стала ўручэнне гасцям падзячных лістоў ад кіраўніцтва школы за шматгадовае плённае супрацоўніцтва, важкі ўклад у добраўпарадкаванне прышкольнай тэрыторыі і актыўны ўдзел у экалагічным выхаванні падрастаючага пакалення.

Гэты ўрок наглядна паказаў, што цікавы чалавек – гэта не медыйная асоба з інтэрнэту, а той, хто жыве побач, стварае і кожны дзень робіць свой край лепшым. Правільныя арыенціры і пажаданні ад паспяховых землякоў у першы дзень навучальнага года атрыманы.

Зарына МАКАРЧУК,
юная журналістка газеты “Перамога”, навучэнка 11 класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации