Урадам Рэспублікі Беларусь была прынята Дзяржаўная праграма “Турызм” на 2026-2030 гады. Адной з ключавых яе мэтаў з’яўляецца павышэнне ўкладу турыстычнай сферы ў эканоміку Беларусі і яе рэгіёнаў.

Нязменнымі лідарамі ў гэтым плане з’яўляюцца санаторыі “Радон” і “Альфа Радон”. У час візіту на Дзятлаўшчыну член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дэпутат Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Андрэй Жамойда наведаў санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”, каб пазнаёміцца з работай установы, даведацца аб амбіцыёзных планах на бліжэйшую перспектыву і з першых вуснаў пачуць меркаванне турыстаў аб адпачынку ў Беларусі.

Экскурсію-прэзентацыю для сенатара і старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага правёў галоўны доктар санаторыя Мікалай Мінько. Па яго словах, штогод у здраўніцы адпачываюць і падмацоўваюць сваё здароўе каля 15 тысяч чалавек.

Парламентарый пазнаёміўся з гасцямі санаторыя, сярод якіх расіяне, суседзі-еўрапейцы і нават жыхарка Мальты, якая прыехала ў Беларусь па рабочых справах і затрымалася для камфортнага адпачынку. Многія з наведвальнікаў установы бывалі тут больш за дзясятак разоў і нязменна вяртаюцца, адзначаючы сярод плюсаў грунтоўную аздараўленчую базу, пастаяннае абнаўленне і з’яўленне новых сучасных медыцынскіх апаратаў. На сёння ў “Радоне” можна атрымаць шырокі спектр медыцынскіх паслуг, што з’яўляецца асноўнай матывацыяй для прыезду, якая падаграваецца прыемным сэрвісам і неверагоднымі краявідамі Дзятлаўшчыны.

У межах рэалізацыі інвестыцыйнай праграмы ў найбліжэйшых планах – будаўніцтва ў філіяле “Санаторый “Радон” воднага лячэбна-аздараўленчага комплексу з сучасным басейнам, пашырэнне комплексу SPA-паслуг і водалячэння, абнаўленне медыцынскага абсталявання (закупка сучасных лазерных комплексаў, крыа- і баракамер). Таксама пастаянна надаецца ўвага развіццю рэкрэацыйнага асяроддзя.








Андрэй Жамойда высока ацаніў работу санаторыя, пажадаў поспехаў яго калектыву:
– Прыемна, што ў рэгіёнах нашай краіны ёсць сапраўдныя жамчужыны, якія не толькі з’яўляюцца турыстычным брэндам краіны, але і прыносяць рэальны фінансавы прыбытак, у тым ліку сваім раёнам. Кіраўніцтва ААТ “Белаграздраўніца” робіць дальнабачна, укладваючы рэсурсы ў развіццё базы і інфраструктуры санаторыяў. Мы жывём у той час, калі турыстычныя магчымасці вялікія і разнастайныя, а людзі вельмі выбіральныя ў тым, дзе і якім чынам адпачываць. Каб заставацца паспяховымі, здраўніцам трэба не толькі трымаць марку, але і здзіўляць.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае