У лёсе гэтай пажылой жанчыны, як у люстэрку, адбіліся ўсе нягоды XX стагоддзя: Вялікая Айчынная вайна, цяжкая пасляваенная праца, страта блізкіх. За 90 гадоў жыцця шмат зведала і выпрабаванняў, і радасцяў наша зямлячка – жыхарка вёскі Карытніца Таццяна Луня. У Год беларускай жанчыны творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці вырашыў пазнаёміцца з доўгажыхаркай, павіншаваць з юбілеем і даведацца сакрэты яе даўгалецця.

Як адзначылі артысты, сустрэча выдалася надзвычай цікавай, і заўважылі, што нягледзячы на цяжкасці са здароўем, стомленасць і жыццёвыя страты гэтая жанчына дэманструе жыццеўстойлівасць, аптымізм, глыбокую веру і народную мудрасць.

Нарадзілася Таццяна Іванаўна на хутары Дзіковіна, што знаходзіўся каля вёскі Чырвоны Бор. Сям’я, у якой выхоўвалася шасцёра дзяцей, жыла бедна. Шмат даводзілася працаваць, у асноўным жылі за кошт асабістай гаспадаркі.

– Калі пачалася вайна, тата пайшоў на фронт, а мы засталіся адны з хворай матуляй, – расказвае Таццяна Іванаўна. – Прыйшлі немцы, вельмі лютавалі, ад нас забралі ўсё, што маглі. Маці захварэла на тыф, ляжала беспрытомная. Зайшлі два немцы ў хату, і адзін стаў нагамі біць яе. Мы, дзеці, пачалі крычаць, плакаць, падаць на маці, каб закрыць яе. Гэта быў сапраўдны нечалавечы жах. Але адзін з іх зміласцівіўся – забараніў свайму таварышу біць маму і нават даў нам маленькую бутэлечку мёду, бо бачыў, што мы вельмі галодныя. І сапраўды, у нас ад голаду цямнела ў вачах, хадзілі хістаючыся.

Маці крышку акрыяла. У хаце нельга было заставацца, трэба было ратавацца. Нямогучы, выкапала невялікую зямлянку, зверху прыкрыла саломай і зямлёй – так мы хаваліся ад немцаў. Вельмі цяжка было дыхаць – не хапала паветра. А вакол нас адбываліся страшныя падзеі. Гэтыя вар’яты забівалі людзей, палілі хаты. Калі крышку ўсё сціхла, мы выйшлі з зямлянкі. І як толькі вылезлі, дык яна раптам і абвалілася. Бог нас збярог – не даў загінуць і на гэты раз. Але не ўсім пашанцавала. Аднаго брата, які пайшоў у партызаны, хутка забілі, а другі памёр ад голаду і хваробы. Тата вярнуўся з вайны вельмі паранены, хворы і неўзабаве яго не стала.

Ніколі не забуду смак хлебных скарынак, якія на той час былі самымі смачнымі ў свеце. Адкусіш маленькі кавалачак, смокчаш як мага даўжэй, а астатнюю завернеш у анучку, каб было і на потым. Памятаю, як нейкі дзядзька з суседняга сяла прынёс нам маленькі шматок сала – і для нас гэта было вялікім шчасцем; як маці прасіла ў суседзяў бульбяныя лупіны, каб нам зварыць хоць які суп. Летам ужо хадзілі ў лес па грыбы і ягады – так і ратаваліся ад галоднай смерці. Абутку ніякага не было, дык я з лазы зрабіла сабе нейкія “хадакі”, каб насіць у Дзятлава на базар прадаваць грыбы ды ягады. Пасля вайны нас не пакінуў адных калгас. Дапамаглі адбудаваць хату, давалі работу, паступова мы абзавяліся гаспадаркай, так і выжылі.

Таццяна Луня скончыла толькі тры класы. Усё жыццё шмат і цяжка працавала. Спачатку была паляводам, затым цялятніцай – карміла 60 цялят. Трэба было і нанасіць вады вёдрамі, і сіласу з вуліцы. Дома старалася знайсці час для свайго любімага занятку – ткацтва. Рэчы былі не толькі для сябе, але і на продаж. І сёння ў яе шафах захоўваецца яшчэ шмат посцілак, вышываных ручнікоў і абрусаў.

Яшчэ адно выпрабаванне давялося пераадолець гэтай неверагодна моцнай жанчыне: страціла двух сыноў. Цяпер ёй дапамагае і ва ўсім падтрымлівае дачка Алена, якая працуе ў Дзятлаве прадаўцом. Вялікая радасць для бабулі, калі прыязджаюць у госці ўнук, тры ўнучкі і ўжо тры праўнучкі.

– Сакрэт майго даўгалецця, лічу, просты: столькі Бог наканаваў мне пражыць. Маладому пакаленню жадаю старанна вучыцца, быць у адносінах толькі з добрымі і разумнымі людзьмі, берагчы сваю сям’ю, і няхай будзе мір на ўсёй зямлі, – гаворыць Таццяна Іванаўна.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

#годбелорусскойженщины

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Крок у свет ведаў праз бібліятэку
Ведае ўчастковы. Пры якіх умовах можна стаць дружыннікам?
Падзякі і ўзнагароды за выніковую працу

Похожие публикации