Мерапрыемства з парадкам дня “Аб рабоце Войневіцкага сельскага выканаўчага камітэта і сельскага Савета дэпутатаў па забеспячэнні развіцця сацыяльнай сферы, добраўпарадкаванні населеных пунктаў” прайшло ў аграгарадку Войневічы пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Аляксандра Бараноўскага. Удзел у ім прымалі старшыні сельвыканкамаў раёна.

З асноўнай тэмай прысутных азнаёміла старшыня Войневіцкага сельскага выканаўчага камітэта Вольга Мазоль:

– Войневіцкі сельсавет быў утвораны ў 1958 годзе, у 2009-м да яго далучаны сем населеных пунктаў Раготнаўскага сельсавета. Цяпер у саставе адзін аграгарадок і 14 вёсак, тэрыторыя складае 11 281,89 гектара, перыметр – 97 кіламетраў квадратных. У вытворчую і сацыяльную сферу сельсавета ўваходзяць КСУП “Войневічы”, Войневіцкі і Горкаўскі ФАПы, Войневіцкая сельская бібліятэка-клуб, дзве праваслаўныя царквы, два магазіны змешанага тыпу Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства ў вёсцы Горка і аграгарадку Войневічы, па графіку 12 населеных пунктаў абслугоўвае аўтамагазін. На тэрыторыі сельсавета ў вёсцы Горка працуе пункт паштовай сувязі, у аграгарадку Войневічы – лазня КСУП “Войневічы”, у гэтых жа населеных пунктах ёсць два помнікі воінам-землякам.

Колькасць пастаянных жыхароў сельсавета – 461 чалавек (на 1 студзеня 2026 года – 475, на гэту 2025 года – 512). Сярод іх непаўналетнія да 15 гадоў – 35 чалавек, ёсць чатыры шматдзетныя сям’і, дзе гадуецца 14 дзяцей, 247 працаздольных жыхароў – 52 %, пенсіянераў – 194 чалавекі – 40,63 %. З іх 13 адзінокіх і 145, якія жывуць адзінока. Два непаўналетнія з адной сям’і знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы. На абслугоўванні ў аддзяленні сацыяльнай дапамогі на даму ЦСАН Дзятлаўскага раёна знаходзяцца чатыры жыхары, якіх абслугоўваюць два сацыяльныя работнікі.

Самыя населеныя – аграгарадок Войневічы (152) і вёска Горка (112), што складае 55,6 % ад агульнай колькасці насельніцтва. У вёсках Даўгялавічы, Петрашулевічы, Талявічы, Харабровічы жыве менш за пяць грамадзян.   

Пры Войневіцкім сельвыканкаме працуе грамадскі пункт аховы правапарадку, пасяджэнні ладзяцца не радзей, чым раз на месяц, куды запрашаюцца асобы, якія злоўжываюць алкаголем, схільныя да правапарушэнняў, беспрацоўныя і па інфармацыі праваахоўных і экстранных службаў. За бягучы перыяд гэтага года прайшло восем пасяджэнняў, разгледжаны 41 чалавек (запрашаліся 50). У лячэбна-працоўны прафілакторый накіравана адна асоба, на яшчэ дзве рыхтуюцца дакументы. Для падтрымання супрацьпажарнай бяспекі вядзецца агляд домаўладанняў, праверана 82 % катэгарыраваных жыхароў. Нягледзячы на прафілактычную работу, адно вогненнае здарэнне адбылося ў вёсцы Ёцавічы, ніхто не пацярпеў. Не было загаранняў сухой расліннасці.

Сельскі выканаўчы камітэт надае шмат увагі рабоце з грамадзянамі па месцы жыхарства, асноўнымі формамі з’яўляюцца сельскія сходы і падворныя абходы. Значную работу праводзяць старасты вёсак, якія сталі сувязным звяном паміж вяскоўцамі, сельвыканкамам, сельскім Саветам дэпутатаў.

Не менш увагі надаецца пытанням добраўпарадкавання: у сезон пры сельвыканкаме працуе адзін рабочы зялёнага будаўніцтва, які задзейнічаны ў навядзенні парадку, пакосе ў населеных пунктах, на могілках, барацьбе з інвазіўнымі раслінамі. Праведзены агляд і атрымана заключэнне на выдаленне пяці аварыйных дрэваў, работы будуць выкананы РУП ЖКГ пры наяўнасці фінансавання. Сёлета адбылося асфальтаванне ўчастка дарогі Войневічы – Малыя Шастакі. За бягучы перыяд знесена чатыры струхнелыя дамы, за адну базавую велічыню рэалізаваны тры, яшчэ столькі ж плануецца знесці. У рэестры пустуючых дамоў па сельскім савеце сёння знаходзіцца 22, з іх на 14 прыняты рашэнні аб зносе, на 8 рыхтуюцца дакументы ў суд.

Удзельнікі Дня Войневіцкага сельсавета пасля асноўнай часткі накіраваліся па аб’ектах добраўпарадкавання. Наведалі Войневіцкую сельскую бібліятэку-клуб, аб рабоце якой расказала бібліятэкар Аліна Мішчук, пабывалі ў магазіне аграгарадка Войневічы, на мясцовых мехмайстэрнях КСУП “Войневічы”, пацікавіліся работай лазні сельгаспрадпрыемства, з якой азнаёміла работніца Алена Чарнуха, прагуляліся па прыватным падвор’і Наталлі Герасімчык, пабачылі і пачулі, чым захапляецца гаспадыня, агледзелі добраўпарадкаванне вясковых могілак у Малых Шастаках, у вёсцы Горка з настаяцелем айцом Мікалаем Орсам пабылі ў храме святога велікамучаніка Георгія Пераможцы і ўсклалі кветкі да мясцовага помніка воінам-землякам, загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Ірына СТЫРНІК
Фотаздымкі ад Войневіцкага сельвыканкама

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации