Прывабныя і цікавыя, строгія і мудрыя, яркія і запамінальныя – гэта не кампліменты, а словы, якія дакладна характарызуюць жанчын у форме, гонар і сэрца Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы.
У Год беларускай жанчыны нельга не ўзгадаць тых, хто крочыць у адным страі з суровымі праваахоўнікамі, прыўносячы ў службовыя будні іскрынку прыгажосці, пазітыву і жаночай мудрасці.
У аддзеле пяць супрацоўніц, якія носяць пагоны, усе яны прайшлі грунтоўны адбор у некалькі разоў больш сур’ёзны, чым для юнакоў, каб служыць закону і берагчы наш спакой. Дзве работніцы цяпер выконваюць сваю галоўную місію – гадуюць дзяцей ва ўзросце да трох гадоў. З астатнімі мы пагаварылі пра жыццёвы выбар, баланс паміж строгасцю і жаноцкасцю, мары і падтрымку ў калектыве.
Вераніка Гайкевіч, міліцыянер узвода міліцыі прапаршчык міліцыі:

– Насіць міліцэйскія пагоны марыла з дзяцінства, але па стане здароўя не прайшла адбор у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь. Пазней паступіла на падрыхтоўчыя курсы ў каледж Міністэрства ўнутраных спраў, які знаходзіцца ў пасёлку Гарані. Многае здавалася складаным, нават проста першы раз узяць у рукі пісталет, аднак потым прывыкла. Да прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва ў міліцэйскай прафесіі мужчыны адносяцца добразычліва: нам, дзяўчатам, дапамагалі, падказвалі, і гэта палегчыла працэс адаптацыі, ды і сёння яны надзейная апора, падтрымліваюць, лішні раз аберагаюць нас, калі могуць справіцца самі. Работу сваю люблю, бо яна развіла ў мяне стойкасць, адказнасць, навучыла хутка, без ваганняў знаходзіць выхад з любой сітуацыі. Безумоўна, служба накладае свой адбітак на характар: жаноцкасць пакідаю для сям’і, дзе імкнуся быць любімай жонкай, пяшчотнай матуляй, а на рабоце стараюся адпавядаць службовым патрабаванням і задачам, хаця прыгожай і абаяльнай хочацца заставацца заўжды. Мая галоўная мара – мець вялікую сям’ю і здаровых дзяцей. У прафесіі будаваць кар’еру жанчыне больш складана: даводзіцца даказваць, змагацца, канкурыраваць, хаця многім гэта ўдаецца. Для прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, якія носяць пагоны, думаю, важней, каб быў мір у краіне і свеце, каб мы спакойна служылі і гадавалі сваіх дзяцей. У нашым аддзеле часта арганізоўваюць сумесныя паездкі і адпачынак, калі на гэту падзею прыпадае выхадны, з задавальненнем далучаюся. Беларускім жанчынам жадаю моцнага здароўя і постага жаночага шчасця, каб яны разумелі, што дома іх любяць, а на працы паважаюць і падтрымліваюць.
Алена Шыпіла, міліцыянер узвода міліцыі сяржант міліцыі:

– Мой дзядуля быў міліцыянерам, і я яшчэ са школы марыла насіць пагоны. Калі паступіць у Акадэмію МУС Рэспублікі Беларусь не атрымалася, на малой радзіме мяне запрасілі ў аддзел Дэпартамента аховы. Падрыхтоўку прайшла ў каледжы Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца ў пасёлку Гарані. Няпроста было прывыкнуць да строгай дысцыпліны і сур’ёзных фізічных нагрузак, але на шляху да мары ўсё вытрымала. Работу сваю люблю за важкі вопыт, яна дапамагае развівацца інтэлектуальна і фізічна, не дае сумаваць. Наконт балансу паміж жаноцкасцю і строгасцю меркаваць складана, магчыма, я пакуль не навучылася быць суровай. Радуе, што заўжды падтрымліваюць мужчыны-калегі, а калі ўлічыць, што муж таксама супрацоўнік аддзела, то любяць і берагуць. Як жанчына я мару прайсці шлях ад маладой (мы не так даўно заключылі шлюб) да вялікай і дружнай сям’і. Таму і вольны час імкнуся прысвячаць спакойнаму сямейнаму адпачынку або сумесным падарожжам. Маім чароўным суайчынніцам жадаю шчасця, каб заўжды дабіваліся і дасягалі таго, аб чым мараць, і памяталі, што мы не слабейшыя за мужчын, аднак наша сіла ў пяшчоце, любові, прыгажосці.
Анастасія Швец, міліцыянер узвода міліцыі малодшы сяржант міліцыі:

– Дапамагаць людзям марыла з дзяцінства, як і аберагаць Радзіму, быць патрэбнай, таму ў прафесію праваахоўнікаў прыйшла па закліку душы. Вытрымала строгі адбор, каб паступіць у каледж Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, які знаходзіцца ў пасёлку Гарані. Работа дапамагла мне навучыцца лепш разумець іншых, адчуваць настрой чалавека, выхавала стойкасць і загартоўку, паспрыяла самарэалізацыі. Разам з тым, каб не губляць жаноцкасці, заўсёды стараюся пакідаць час для сябе, для падтрымання элегантнага вобразу. Радуе, што мужчыны аддзела адносяцца пазітыўна да жанчын у пагонах. Яны нас падтрымліваюць, падказваюць, падбадзёрваюць у складаных сітуацыях. Адпачываць ад службовых будняў люблю разам з бацькамі, у тым ліку ў час сумесных паездак на прыроду, яшчэ стараюся часцей бачыцца з сябрамі. Беларускім жанчынам жадаю здароўя і заўжды заставацца прывабнымі і абаяльнымі, не менш важна, каб мужчыны былі для іх надзейнай апорай.
Прафесія праваахоўніка пачэсная і цікавая. У Дзятлаўскім аддзеле Дэпартамента аховы і сёння чакаюць кандыдатаў на працаўладкаванне ад 18 да 28 гадоў з высокімі маральна-дзелавымі якасцямі, здольных стаць на абарону грамадства і дзяржавы ад злачынных і іншых супрацьпраўных замахаў. Яны не павінны мець судзімасці і прыцягненняў да адміністрацыйнай адказнасці па пэўных артыкулах. Па больш падрабязную інфармацыю аб паступленні на службу можна звяртацца па тэлефонах: 3-01-33, 3-01-36, а таксама прыходзіць у аддзел па адрасе: г. Дзятлава, вул. Фогеля, 15.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины