4 жніўня ў горадзе Слоніме стартаваў міжнародны праект партыйнай моладзі “Словам і справай”, а 7 жніўня яго ўдзельнікі наведалі Дзятлаўскі раён, пазнаёміліся са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім, актывістамі Дзятлаўскага раённага аддзялення Гродзенскай вобласці Беларускай партыі “Белая Русь” і яго лідарам Аляксандрам Бараноўскім, моладдзю нашага раёна.

Працоўны праект “Словам і справай” – ініцыятыва і плён супрацоўніцтва паміж моладзевым рухам “Іскра” Беларускай партыі “Белая Русь” і Усерасійскай грамадскай арганізацыяй “Маладая гвардыя” “Адзінай Расіі”. Да яго далучыліся 12 чалавек, па 6 прадстаўнікоў ад кожнай краіны ва ўзросце 18-30 гадоў, якія ўвайшлі ў працоўны атрад, што з 4 па 15 жніўня функцыянуе на пляцоўцы Слонімскага мясакамбіната. Маладыя людзі не толькі заняты на прадпрыемстве, для іх падрыхтавана маштабная праграма. Напрыканцы працоўнага дня яны ўдзельнічаюць у інфармацыйна-адукацыйных, культурных мерапрыемствах, сустрэчах з моладдзю, экскурсіях, падарожжах, прычым не толькі ў Слоніме, але і суседніх раёнах. Усё гэта дапамагае і набыць працоўны вопыт па рабочых спецыяльнасцях, і больш даведацца пра жыццё рэгіёнаў, іх славутасці, асаблівасці, проста пасябраваць.

Тэматыка сустрэчы на Дзятлаўшчыне была вызначана як “Малыя гарады ў Саюзнай дзяржаве: як будаваць гарады будучыні”. Андрэй Садоўскі расказаў гасцям пра раён і наш невялікі, але ўтульны і прыгожы горад Дзятлава, як ён развіваецца на сучасным этапе. Пазнаёміла з гісторыяй заснавання і правяла экскурсію па яго гістарычным цэнтры дырэктар гісторыка-краязнаўчага музея Вераніка Паўлоўская. Госці пабывалі ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, даведаліся гісторыю подзвігу Іосіфа Філідовіча і ўсклалі кветкі да яго помніка.

Пабывалі госці і ў нашым вядомым і любімым не толькі беларусам, але многім расіянам месцы адпачынку і аздараўлення – у філіяле “Санаторый “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”. Яго дырэктар Мікалай Мінько правёў па тэрыторыі, паказаў нумары, у якіх жывуць адпачывальнікі санаторыя, расказаў аб аказваемых паслугах, відах адпачынку.

У гасцей засталося шмат станоўчых уражанняў пра малы горад Дзятлава ў вялікай Саюзнай дзяржаве, пра які будуць расказваць сваім сябрам, родным, знаёмым у розных куточках нашай краіны-суседкі.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации