Жніво, кібермашэнніцтва, маніторынг вадаёмаў, ахова працы, юбілейныя даты – на гэтыя і іншыя тэмы гаварылі на штотыднёвай нарадзе ў старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага.
Зберагчы ўраджай
Кіпіць работа на палях, жніво ў разгары. Амаль штодня радуюць тысячнымі намалотамі і перавозкай зерня камбайнеры і вадзіцелі дзятлаўскіх сельгаспрадпрыемстваў.
Аднак ёсць тэма, якая азмрочвае поспехі.
Андрэй Садоўскі паставіў задачу ўзмацніць кантроль з боку Дзяржаўтаінспекцыі буйных аўтадарог раёна і аўтамабільнага кальца ў райцэнтры, праз якое рухаецца транспарт сельгаспрадпрыемстваў, што перавозіць зерне. Андрэй Уладзіміравіч указаў на недапушчальную халатнасць перавозчыкаў, адсутнасць герметычнасці кузаваў.
– Усыпана дарога новым ураджаем. Гэта датычыцца не толькі дзятлаўскіх гаспадарак, але і аўтамашын, якія праз наш раён едуць транзітам, – рэйды ДАІ проста неабходныя, – адзначыў старшыня райвыканкама.
Папоўніла рахунак у Інданезіі
На мінулым тыдні два чалавекі пацярпелі ад кіберзлачынцаў. У адным выпадку дзятлаўчанка перавяла 500 рублёў за арэнду жылля ў Мінску. Пасля пераводу ліпавы арэндадаўца перастаў выходзіць на сувязь. Як высветлілі праваахоўныя органы, грошы жанчыны трапілі на банкаўскі рахунак у Інданезіі.
Другая дзятлаўская ахвяра махляроў – удзельнік крыптабіржы, страціў 9 тысяч долараў ЗША.
Тры выпадкі вырастання алейнага маку зафіксаваны ў раёне. Усе гаспадары ўчасткаў, на якіх выяўлена расліна, былі папярэджаны аб адказнасці, якая надыдзе ў выпадку паўторнай фіксацыі парушэння.
Па выніках 7 месяцаў раён плюсуе на 16 злачынстваў у параўнанні з мінулым годам. Рост адзначаецца па лініі кіберзлачыннасці, парушэннях прэвентыўнага нагляду і няўплаце аліментаў.
Яшчэ на адным відзе машэнніцтваў спыніўся начальнік аддзела ўнутраных спраў райвыканкама Вадзім Шчурскі. Пад прапановай выгаднага заробку на дэмантажы дахаў работніка сферы АПК раёна вывезлі, з уласнай згоды, у горад Калінкавічы Гомельскай вобласці, а там аб’явілі, што ніякай работы на самой справе няма. Падманшчыкі сталі ўгаворваць мужчыну ехаць з імі ў Расійскую Федэрацыю на заробкі. Мужчына адмовіўся і ўжо пад наглядам міліцыі вярнуўся дадому. Вадзім Васільевіч акцэнтаваў увагу на тым, што раней такой формай вярбоўкі карысталіся асобы цыганскай нацыянальнасці, а цяпер падманшчыкамі аказаліся грамадзяне Беларусі.
Дапамога і выратаванне
Ратаўнікі падвялі вынікі сямі месяцаў. Усяго па вобласці адбылося 473 пажары (24 – у Дзятлаўскім раёне), у якіх загінулі 38 чалавек (2 – у нашым раёне). Ад прыродных катаклізмаў пацярпелі 14 раёнаў.
Ад утапленняў выратаваны 14 чалавек, 9 з іх – дзеці. Патанулі – 7. У сувязі са спякотным надвор’ем маніторынгі вадаёмаў прадаўжаюцца.
Не застаюцца без увагі РАНС і аб’екты жніва.
Акрамя таго, супрацоўнікі аддзела дапамагаюць ва ўборачнай у якасці камбайнераў, вадзіцеляў. Яшчэ адзін ратаўнік прыступіць да работы ў ААТ “Граніт-Агра” на бягучым тыдні.
Іншыя тэмы коратка
У Дзятлаве працягваецца асфальтаванне вуліц.
РУП ЖКГ на бягучым тыдні будзе займацца рамонтам дарожных люкаў.
Абкос прыдарожных палос – задача ДРБУ-119.
****
Будаўніцтва арэнднага жылля ў бягучым і наступным годзе – адна з самых важных і актуальных тэм.
Як падкрэсліў Андрэй Садоўскі, попыт на жыллё ў раёне захоўваецца як для маладых спецыялістаў, так і для грамадзян, якія стаяць на ўліку маючых патрэбу, таму варта забяспечыць людзей кватэрамі.
****
Падрыхтоўцы школ да новага навучальнага года надзяляецца шмат увагі. Традыцыйны камісійны аб’езд па прыёмцы навучальных установаў адбудзецца 11-12 жніўня.
****
1 верасня ў Дзень ведаў на базе Гезгалаўскай сярэдняй школы імя М. І. Нядзеліна пройдзе адкрыццё новай шматфункцыянальнай варкаўт-пляцоўкі.
****
У пятніцу ў райцэнтры чарговае пасяджэнне грамадскага пункта аховы правапарадку запросіць “у госці” грамадзян, якія злоўжываюць алкагольнымі напоямі і нідзе не працуюць.
****
29 жніўня Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей адзначыць 60-годдзе. Цяпер за сродкі бюджэту ў будынку музея праводзіцца рамонт, рыхтуецца новая экспазіцыя.
Ірына КАМАРОВА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga