Прыхаджане касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Дзятлаве ўшанавалі памяць 11 сясцёр-назарэтанак, якія па-мучаніцку загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ахвяравалі сабой, каб выратаваць жыцці 120 чалавек.
Дзятлаўчане разам з ксяндзом-пробашчам Андрэем Лішко з малітвай адправіліся ў пілігрымку да месца, дзе 1 жніўня 1943 года яны былі расстраляны гестапа.




– У Год беларускай жанчыны мы асаблівым чынам ушаноўваем памяць навагрудскіх мучаніц, якія прынеслі найвялікшую добраахвотную ахвяру, каб не дапусціць гібелі многіх людзей, якія мелі сем’і. На працягу нашага шляху на Навагрудчыну мы будзем разважаць пра безумоўную любоў, самаахвярнасць і місію жанчыны, традыцыйны інстытут сям’і і яго каштоўнасці, – адзначыў ксёндз Андрэй Лішко.

Гісторыя расказвае пра групу з 11 каталіцкіх манахіняў, якія належалі да жаноцкай манаскай кангенерацыі “Сёстры Святой сям’і з Назарэта”. Яны прыбылі ў Навагрудак у верасні 1929 года па просьбе епіскапа Зыгмунта Лазінскага. У 1941 годзе ў час нямецкай акупацыі сёстры былі выгнаны з манастыра і жылі ў прыхаджан каталіцкага прыходу.
У 1942 годзе пачаліся рэпрэсіі яўрэйскага і польскага насельніцтва Навагрудка, шмат людзей было расстраляна. Такая ж хваля рэпрэсій паўтарылася праз год. 18 ліпеня 1943 года былі арыштаваны 120 жыхароў Навагрудка і святар Зінкевіч. Тады настаяльніца манастыра Адэля Мардасевіч (сястра Марыя Стэла) звярнулася да нямецкіх уладаў з просьбай, каб жанчыны замянілі сабой арыштаваных. 11 манахінь былі арыштаваны 31 ліпеня і на наступны дзень расстраляны ў лесе непадалёку ад Навагрудка.





У дзень расстрэлу адна з сёстраў Малгажата Банась не патрапіла ў лік заложнікаў, бо несла послух у бальніцы. Калі даведалася пра расстрэл, знайшла месца пахавання манахінь і ўсё сваё жыццё была яго захавальніцай. У 1991 годзе астанкі сёстраў-назарэтанак былі перапахаваны ў саркафагу ў капліцы Фарнага касцёла ў Гродне.
У 2000 годзе Адэля Мардасевіч і яе паплечніцы былі прылічаны да ліку блажэнных.






Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga