Кажуць, што чалавек жыве да таго часу, пакуль жыве памяць пра яго. Гэтыя словы як нельга лепш адлюстроўваюць сутнасць жыццёвага подзвігу Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча (1913-1999) – выдатнага педагога, краязнаўца і заснавальніка Дзятлаўскага дзяржаўнага гісторыка-краязнаўчага музея. У 2026 годзе мы ўшаноўваем чарговую гадавіну з дня яго нараджэння, успамінаючы чалавека, які з нуля стварыў адзін з лепшых музеяў рэспублікі і падарыў дзятлаўчанам іх уласную гісторыю.
Міхаіл Фёдаравіч нарадзіўся 31 ліпеня 1913 года ў вёсцы Падкасоўе Навагрудскага раёна ў малазямельнай сялянскай сям’і. З дзяцінства ён праяўляў выключныя здольнасці і цягу да ведаў. Пасля паспяховага заканчэння царкоўнапрыходскай школы бацькі, нягледзячы на сціплыя сродкі, адправілі яго вучыцца ў Навагрудскую беларускую гімназію. Нават раптоўная смерць бацькі не змагла спыніць яго імкненне да адукацыі: маці разам са старэйшымі сынамі аддавала апошняе, каб здольны хлопец мог вучыцца далей.


Юнацкія гады Міхаіла прыйшліся на няпросты час. Ён зблізіўся з рэвалюцыйна настроенай моладдзю, уступіў у камсамол Заходняй Беларусі, удзельнічаў у мітынгах і распаўсюджваў забароненую літаратуру. Гэтая дзейнасць не засталася незаўважанай польскай дэфензівай, і ў 1931 годзе маладога выпускніка гімназіі асудзілі на тры гады зняволення. Яму давялося зведаць турмы ў Навагрудку, вядомыя Лукішкі ў Вільні і турму ў Плоцку каля Варшавы. Пасля вызвалення ён быў пазбаўлены грамадзянскіх правоў і магчымасці атрымліваць вышэйшую адукацыю, таму быў вымушаны цяжка працаваць: дапамагаў маці па гаспадарцы, а ўвосень і зімой працаваў лесасекам у Налібоцкай пушчы.
Верасень 1939 года вярнуў яму мару пра вучобу, і ў 1940 годзе Міхаіл Петрыкевіч паступіў у Беластоцкі настаўніцкі інстытут. Аднак вайна, якая пачалася 22 чэрвеня 1941 года, зноў перакрэсліла планы. Каб пазбегнуць вывазу ў Германію, ён уладкаваўся бухгалтарам на чыгунку ў Любчы, дзе таемна супрацоўнічаў з партызанамі, перадаючы звесткі аб перавозках. Менавіта тады адбылося яго знаёмства з будучым вядомым літаратарам і прафесарам Уладзімірам Калеснікам, які быў сувязным аднаго з партызанскіх атрадаў.
З жніўня 1944 года Міхаіл Фёдаравіч служыў у Савецкай Арміі, дзе дзякуючы сваёй пісьменнасці працаваў пісарам у штабах розных падраздзяленняў. Пасля дэмабілізацыі, ужо будучы бацькам двух сыноў, 33-гадовы Міхаіл Фёдаравіч у 1946 годзе стаў студэнтам Мінскага педагагічнага інстытута. Ён вучыўся выдатна, карыстаўся павагай выкладчыкаў і аднакурснікаў, замацаваў сяброўскія сувязі з Уладзімірам Калеснікам і Янкам Брылём, аднак ад прапановы паступіць у аспірантуру рашуча адмовіўся, абраўшы для сябе шлях практычнага служэння роднаму краю.


Сапраўдны педагагічны і арганізатарскі талент Міхаіла Фёдаравіча раскрыўся ў Валеўскай сярэдняй школе Навагрудскага раёна, дзе ён працаваў завучам з 1951 па 1966 год. Пад яго кіраўніцтвам быў пабудаваны новы школьны будынак, закладзены парк-дэндрарый, створана школьнае лясніцтва. Але галоўным яго дзецішчам стаў школьны краязнаўчы музей, адкрыты ў 1955 годзе. З кожным годам ён багацеў экспанатамі і набыў вядомасць далёка за межамі раёна. За сваю працу Міхаіл Петрыкевіч быў удастоены званняў «Выдатнік народнай асветы БССР» і «Заслужаны настаўнік БССР» (1965).
Калі ў 1965 годзе быў адноўлены Дзятлаўскі раён, першы сакратар райкама Іван Крыжаноўскі (які добра ведаў Петрыкевіча яшчэ па сумеснай працы ў Валеўцы) разам са старшынёй райвыканкама Сяргеем Кабяком пераканалі педагога ўзначаліць будучы раённы музей, будынак якога толькі пачаў узводзіцца. У студзені 1967 года 54-гадовы Міхаіл Фёдаравіч з энтузіязмам узяўся за справу. Ён аб’ехаў усе вёскі раёна, сустракаўся з ветэранамі, святарамі, краязнаўцамі, вывучаў архівы ў Гродне, Брэсце і Мінску, вёў актыўную перапіску з калегамі па ўсёй краіне.
Вынікам гэтай нястомнай працы стала сабранне звыш 6000 экспанатаў усяго за год і чатыры месяцы. 5 мая 1968 года дзверы Дзятлаўскага музея народнай славы (першапачатковая назва ўстановы) урачыста адчыніліся для наведвальнікаў, стаўшы адным з першых і лепшых музеяў такога профілю ў рэспубліцы.
Сёння, праз дзесяцігоддзі, імя Міхаіла Фёдаравіча Петрыкевіча застаецца сімвалам адданасці роднай зямлі. На будынку музея ўстаноўлена мемарыяльная дошка ў яго гонар. Супрацоўнікі музея беражліва захоўваюць яго ўзнагароды, дакументы, сямейныя фотаздымкі і кнігі з дароўнымі подпісамі Уладзіміра Караткевіча і Янкі Брыля, якія былі частымі гасцямі ў доме заснавальніка. Падчас урачыстых мерапрыемстваў да мемарыяльнай дошкі ўскладаюць кветкі яго родныя – сын Валерый, унукі, а таксама калегі і ўдзячныя дзятлаўчане.

Міхаіл Фёдаравіч сапраўды падарыў нам нашу гісторыю. І пакуль у Дзятлаве дзейнічае музей, пакуль яго экспанаты расказваюць пра мінулае нашаму пакаленню, памяць пра свайго стваральніка будзе жыць вечна.
Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga