Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло чарговае пасяджэнне савета па дэмаграфічнай бяспецы з удзелам старшыняў сельвыканкамаў і ідэалагічнага актыву раёна.

З дэмаграфічнай сітуацыяй на Дзятлаўшчыне ў 2025 годзе прысутных азнаёміла начальнік аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Таццяна Дорда. Зазначыла, што сітуацыя характарызуецца працэсам натуральнага зніжэння колькасці жыхароў і сведчыць аб актуальнасці праблем дэмаграфічнага развіцця як у цяперашні час, так і ў аддаленай перспектыве.

У Дзятлаўскім раёне на 1 студзеня 2026 года, паводле інфармацыі “Белстата”, налічвалася 21 481 чалавек. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да павелічэння колькасці жыхароў узросту старэйшага за працаздольны.

Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Віктар Яцкевіч прывёў статыстыку за першае паўгоддзе 2026 года. Так, за шэсць месяцаў у раёне памёр 231 чалавек, 56 – працаздольныя. Пераважныя прычыны смертнасці – анкалагічныя захворванні і хваробы сардэчна-сасудзістай сістэмы, прычым сардэчныя праблемы пры своечасовым звароце да спецыялістаў можна паспяхова прафілакціраваць. Для ранняга выяўлення рызык медык заклікаў адказных спецыялістаў паспрыяць праходжанню насельніцтвам дыспансерызацыі. Ён анансаваў, што работнікі медыцынскіх службаў пры паступленні заяўкі ад кіраўніцтва могуць выязджаць на прадпрыемствы і ў арганізацыі раёна для аглядаў, а ў сельскай мясцовасці для гэтых мэтаў можна задзейнічаць перасоўныя ФАПы.

Вадзім Бялятка акцэнтаваў увагу, што паспяховая прафілактыка хваробаў сапраўды ў многім залежыць да схільнасці жыхароў клапаціцца аб сваім задароўі, аднак і медыцынскія агляды неабходна праводзіць уважліва і якасна, толькі пры забеспячэнні гэтых складальнікаў работа дае станоўчы плён.

Занепакоенасць выказала галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак. Як аказалася, работнікі арганізацый не заўжды своечасова праходзяць нават планавыя прафесійныя медагляды. Такіх у раёне працуе 167 чалавек. Да адказнасці за падобныя парушэнні прыцягнуты некаторыя наймальнікі.  Аб смертнасці ад знешніх прычын і рабоце наркалагічнай службы расказаў доктар-псіхатэрапеўт Дзятлаўскай ЦРБ Уладзімір Лазоўскі. Зазначыў, што на 1 ліпеня 2026 года на дыспансерным уліку ў наркалагічным кабінеце знаходзіліся 574 чалавекі. Спецыяліст заклікаў як мага раней накіроўваць людзей з групы рызыкі да медыкаў, бо на позніх стадыях алкагалізму дапамагчы залежным вельмі складана.

Вадзім Бялятка засяродзіў увагу ўдзельнікаў пасяджэння на тым, што работа па прафілактыцы смертнасці, у тым ліку ад знешніх прычын пастаянна знаходзіцца пад увагай. Яна ўключае шмат кірункаў: кантроль за грамадзянамі, схільнымі да злоўжывання алкаголем, ахову працы, дыспансерызацыю, іншае. Ён заклікаў кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў раёна, старшыняў сельвыканкамаў, ідэалагічных работнікаў заўжды быць уважлівымі да людзей. Так атрымаецца вырашаць калі не ўсе, то найбольш вострыя сітуацыі.

Ірына СТЫРНІК  

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga              

Похожие публикации