Гудуць магутныя машыны, высыпаючы з прычэпаў зярняты. Яны льюцца хуткай плынню, горамі ўзвышаюцца на збожжатаку аграгарадка Дварэц ААТ “Дварэц-Агра”. Як руплівыя мурашы з шуфлямі і венікамі завіхаюцца побач студатрадаўцы і мясцовыя работнікі.  

Па добрай традыцыі сельскагаспадарчым арганізацыям на Дзятлаўшчыне на жніве дапамагаюць працоўныя атрады ГА “БРСМ”. Цяпер у раёне іх функцыянуе два: на базе КСУП “Войневічы” і ААТ “Дварэц-Агра”, дзе задзейнічаны 21 баец-студатрадавец. Моладзь ва ўзросце 16 гадоў і старэйшая мае магчымасць падключыцца да адказнага ўчастка работ – сушкі збожжа. Нягледзячы на няўстойлівае надвор’е, жніво ідзе актыўнымі тэмпамі. Разам з вопытнымі камбайнерамі, вадзіцелямі, спецыялістамі, работнікамі збожжаскладаў маладая змена робіць свой уклад у каравай-2026.

Ненадоўга спыніцца байцоў заклікаюць першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык і старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак. У іх адказная місія – прыехалі нагадаць удзельнікам студатрадаўскага руху правілы бяспекі на працы і ў побыце. Пасля дэталёвага інструктажу Кацярына Уладзіміраўна парадавала юнакоў і дзяўчат салодкімі падарункамі і павіншавала з надыходзячым Днём беларускіх студатрадаў, пажадала здароўя, невычэрпнай энергіі, ажыццяўлення запаветных мараў.

Як расказала загадчыца склада Ірына Лішык, маладыя памочнікі прыступілі да работы на збожжатаку 15 ліпеня і будуць дапамагаць гаспадарцы да завяршэння жніва. Моладзь працуе ў тры змены, па чатыры чалавекі ў кожнай з 8 да 20 гадзін і разам з дарослымі забяспечвае бесперабойную работу аб’екта. Байцы студатрада начыста падмятаюць пляцоўку, каб не было відавога змешвання збожжа, падшуфлёўваюць і падкідваюць зерне. У гаспадарцы імі задаволены, бо кожныя рабочыя рукі – важкая падмога. Цяпер моладзь шчыруе над півавараным ячменем, які актыўна вязуць з палеткаў. Побач прыпыняюцца машыны з масланасеннем рапсу, яго таксама трэба падмятаць услед за пагрузчыкамі, якія збіраюць горы чорных зярнят магутнымі каўшамі. Ірына Лішык радуецца, што маладыя памочнікі ў гэтым годзе вясёлыя і самастойныя, хаця даводзіцца ім няпроста: у напружаны дзень вымятаюць вялікую пляцоўку па 5-6 разоў.

– Гэта мой другі сезон у атрадзе, – дзеліцца Аляксандр Жукоўскі, адзінаццацікласнік Дварэцкай сярэдняй школы.

У ААТ “Дварэц-Агра” працуе тата хлопца Валяр’ян Валер’евіч, які час ад часу прывозіць да збожжасушыльнага комплексу новыя партыі ўраджаю-2026. Безумоўна, ён ухваляе выбар сына – правесці лета з карысцю. Аляксандр марыць пасля заканчэння школы паступіць на інжынера-механіка ў Беларускі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ўніверсітэт, а потым, магчыма, лёс прывядзе і яго ў родную гаспадарку. Пакуль жа юнак лічыць сваім абавязкам дапамагаць аграрыям у складаны і адказны перыяд нарыхтоўкі ўраджаю. Робіць ён гэта з энтузіязмам і зазначае, што пасля змены сіл яшчэ хапае на актыўны адпачынак. Заробленыя грошы студатрадавец збіраецца патраціць на што-небудзь значнае, а сябрам па працы жадае ўдачы і паспяховых працоўных будняў.

Камандзіру атрада Паўлу Мацюку ўжо 19 гадоў, ён студэнт факультэта фізічнай культуры ГрГУ імя Я. Купалы:

– Для мяне гэты сезон у студатрадзе таксама другі, аднак камандзірам я стаў упершыню. Пад маім кіраўніцтвам працуюць старанныя маладыя работнікі, якія самі разумеюць, што ўчастак нам давераны адказны і марудзіць няма калі. Родам я з аграгарадка Раготна, а далучыцца да студатрадаўскай змены прапанавалі сябры. Падумаў, што гэта цудоўная ідэя, бо летась усё спадабалася. Мінулагодні заробак патраціў на абноўкі і студэнцкія патрэбы. Спадзяюся і сёлета зараблю не менш. На гэты раз грошы патрачу на мару – буду вучыцца вадзіць машыну і здаваць на вадзіцельскае пасведчанне. Сваім студатрадаўцам жадаю, каб сяброўства мацнела, здароўе і працоўная дысцыпліна не падводзілі, атрыманыя грошы – парадавалі. Старшакласнікам, якія яшчэ не былі ў атрадзе – абавязкова паспрабаваць сябе ў добрай справе.

У саставе адной з “чацвёрак”-змен на збожжатаку падмятае зярняты адзінаццацікласніца Дварэцкай сярэдняй школы Аляксандра Нашуцінская. Цікаўлюся, ці не складана ёй адной сярод юнакоў.

– Ніколечкі, бо тут пераважна мае аднакласнікі, – усміхаецца дзяўчына. – Я ў атрадзе першы сезон, бо захацела зарабіць кішэнных грошай, не прасіць у бацькоў на дробныя патрэбы. Працаваць падабаецца, хоць пры максімальнай загрузцы стамляюся, аднак сілаў усё роўна хапае і на спартыўныя трэніроўкі. Мару паступіць у акадэмію міліцыі або на ваенную спецыяльнасць, а для гэтага давядзецца прайсці сур’ёзны адбор па фізічнай загартоўцы, вось і трэніруюся. Раней займалася спортам, адстойвала гонар школы на спаборніцтвах, а пасля траўмы даводзіцца аднаўляць форму. Чаргаванне працы і фізічных практыкаванняў гэтаму спрыяе, а яшчэ “сагравае” думка, што разам з сябрамі робім патрэбную справу – змагаемся за ўраджай-2026. Жадаю студатрадаўцам плённых будняў і добрага адпачынку летам.

Студатрад у ААТ “Дварэц-Агра” буйны, і мы завіталі на другі аб’ект – збожжасклад “Дварэц”, дзе павіншавалі з надыходзячым святам змену маладых памочнікаў у саставе трох чалавек. Загадчык склада Іван Ашмян расказаў, што нядаўна прайшла перазменка: дзяцей, якія дапамагалі з раніцы, замянілі сябры. Іван Іосіфавіч станоўча ахарактарызаваў сем студатрадаўцаў, якія замацаваны за аб’ектам, падкрэсліў, што ўсе старанна выконваюць вялікія аб’ёмы работ.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga  

Похожие публикации