Самая актуальная тэма лета – уборка ўраджаю, калі ўсе сілы аграпрамысловага комплексу мабілізуюцца на эфектыўную работу. Ёсць поспехі, дасягненні, перадавікі-хлебаробы. На жаль, ёсць і адваротны бок медаля: нягледзячы на пастаянны кантроль, прафілактычныя меры і ўнушальнае пакаранне, у сферы АПК (і не толькі ў ёй!) зноў і зноў фіксуюцца злачынствы, звязаныя з парушэннем працоўнай дысцыплівы і крадзяжом матэрыяльных каштоўнасцяў, што не застаецца без увагі органаў правапарадку. Аб нядаўніх прэцэдэнтах, пакаранні за такія дзеянні і прафілактычнай рабоце расказаў начальнік АУС Дзятлаўскага райвыканкама Вадзім Шчурскі:
– З пятніцы па нядзелю прайшлі рэйдавыя мерапрыемствы па кантролі за фізічным станам работнікаў і захаваннем таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў. Рэйдавая група аб’ехала ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна, было выяўлена тры факты парушэння працоўнай дысцыпліны, якія праяўляліся ў знаходжанні супрацоўнікаў АПК на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Гэта былі вартаўнік адной з малочнатаварных фермаў і жывёлаводы, прычым усе тры факты зафіксаваны ў розных сельгаспрадпрыемствах у розны час сутак, з удзелам як мужчын так і жанчын. Утрыманне алкаголю ў выдыхаемым паветры ў розных выпадках склала ад 1,02 да 1,94 праміле. Іх дзеянні кваліфікуюцца артыкулам 19.3 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях Рэспублікі Беларусь і караюцца на першы раз папярэджаннем, на другі – штрафам да васьмі базавых велічыняў.
– На што найчасцей квапяцца злодзеі ў АПК?
– Самыя частыя факты крадзяжоў звязаны з прысваеннем і захоўваннем скрадзенага пафарбаванага паліва, якое выкарыстоўваецца для запраўкі сельскагаспадарчай тэхнікі. У межах выканання рэйдавых мерапрыемстваў у перыяд вясенніх палявых работ супрацоўнікамі АУС райвыканкама выяўлены крадзеж 995 літраў дызельнага паліва механізатарам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў. Такое злачынства падпадае пад крымінальны артыкул і караецца адпаведна нанесенай шкодзе. Пакараннем за крымінальнае злачынства можа стаць не толькі штраф, але і вызваленне ад займаемай пасады, абмежаванне або пазбаўленне волі на пэўны тэрмін. Як у час пасяўноў, так і ўборачнай кампаніі фіксуюцца крадзяжы менш істотных аб’ёмаў паліва: з апошніх фактаў – крадзеж каля 30 літраў. У такіх выпадках зламыснікаў чакае пакаранне адразу па двух артыкулах: за прысваенне матэрыяльных каштоўнасцяў прадпрыемства і парушэнне парадку абароту вадкага нафтавага паліва, прызначанага для сельскагаспадарчай галіны.
– Такія злачынствы характэрны пераважна для АПК?
– Сёлета “вызначыліся” як парушальнікі закона і работнікі лясной гаспадаркі раёна: два работнікі, замацаваныя за адной і той жа адзінкай тэхнікі, прысвоілі 414 і 700 літраў паліва, тым самым учынілі крымінальнае злачынства. Таксама перавозчык вялікагрузнай машыны адной з прыватных фірмаў зліў 150 літраў дызельнага паліва на кемпінгу на тэрыторыі нашага раёна, што выявілі супрацоўнікі ДАІ.
– Якія меры прафілактыкі праводзіце?
– Прыярытэтамі ў прафілактычнай рабоце, якую праводзяць супрацоўнікі райаддзела міліцыі, нароўні з пытаннямі правядзення ўборачнай кампаніі актуальнымі застаюцца прафілактыка хатняга гвалту, прымяненне прэвентыўных мер да тых, хто злоўжывае алкаголем. Напрыклад, толькі сёлета ў лячэбна-працоўны прафілакторый накіраваны 32 жыхары раёна. Такая мера прымяняецца найперш да асоб, не занятых у эканоміцы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga