На Дзятлаўшчыне паспявае багаты ўраджай збожжа, гаспадаркі актыўна ўключаюцца ва ўборачную кампанію-2026. 14 ліпеня ў ААТ “Дварэц-Агра” ўрачыста сустракалі традыцыйнае беларускае свята “Зажынкі”.

На палетках каля вёскі Яхноўшчына дружным строем сталі “волаты хлебных палёў” – магутныя камбайны з надзейнымі экіпажамі і іх “рухавыя памочнікі” – грузавыя машыны з вадзіцелямі, якія будуць задзейнічаны на адвозцы зерня. Яркую святочную праграму для ўдзельнікаў урачыстасці падрыхтавалі работнікі культуры, прыехалі госці, ну а першымі на палеткі выйшлі жнейкі з сярпамі.

Сімвалічны зажыначны сноп дырэктару сельгаспрадпрыемства Дзмітрыю Дожыну ўручыў яго намеснік Дзяніс Тамкевіч.

– Мы грунтоўна рыхтаваліся да гэтага дня, вырасцілі важкі ўраджай і спадзяёмся, што сёлетні “каравай” не саступіць мінулагодняму, – звярнуўся да прысутных Дзмітрый Дожын. – Каб пакласці збожжа ў засекі, у нас усё гатова: і работнікі, і тэхніка. Жадаю ўдзельнікам уборачнай кампаніі важкіх намалотаў, здароўя, поспехаў!

Як знак падзякі за шчырыя пажаданні духмяны каравай кіраўніку гаспадаркі ўручыў камбайнер-пераможца жніва-2025 Вячаслаў Кастусік.

– Ладзіць “Зажынкі” – выдатная народная традыцыя, – віншуючы аграрыяў, зазначыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Сезон уборкі ў гэтым годзе пачаўся з дажджоў, таму ўваходзім у яго з невялікім спазненнем, аднак з хуткімі тэмпамі. Наперадзе шмат культур. Ураджай важкі, паспрыялі сістэмная работа і добрае надвор’е. Па раёне плануецца ўбраць 16 620 гектараў збожжа, каля 5000 тон рапсу. Удзел ва ўборачнай кампаніі прымаюць 53 камбайнавыя экіпажы, у вашай гаспадарцы – сем. Доля ААТ “Дварэц-Агра” ў зерневым кліне Дзятлаўшчыны – 15 %, а ўраджай, я ўпэўнены, будзе высокі, як і летась, зробіце важкі ўклад у раённы каравай.

У поле выходзяць сапраўдныя прафесіяналы і абноўленая тэхніка, якой не было яшчэ некалькі гадоў таму. Усё дзякуючы вашым шэфам – ААТ “Молочный Мир” і асабіста кіраўніку холдынга Марыне Анікеевай. Няхай работа прынясе плён, выкарыстоўвайце кожны ясны дзень эфектыўна, паспяховай вам уборачнай, здароўя, дабрабыту!

– Зямля шчодра дзякуе працавітым людзям за іх намаганні, – падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка. – У вашай гаспадарцы атрыманы багаты ўраджай, бо вы старанна папрацавалі мінулай восенню, плённа правялі мерапрыемствы па доглядзе. Надвор’е бывае розным, але дзякуючы прафесіяналізму, майстэрству ўсё атрымліваецца. У час аб’езду пасеваў мы ў гэтым таксама ўпэўніліся, пабачыўшы на дварэцкіх палетках дастойныя вынікі па многіх культурах. Вам належыць зжаць 2376 гектараў збожжавых плюс рапс. Прыемна бачыць абноўлены камбайнавы парк, прафесійныя экіпажы. Дзякую вам за шчырую працу, жадаю здароўя, важкіх намалотаў, поўных засекаў, плёну ва ўсім.

Па добрай народнай традыцыі перад самым адказным для работнікаў сяла сезонам пад ручніком-абярэгам прайшлі камбайнеры гаспадаркі Андрэй Гулецкі, Аляксандр Кастусік, Вячаслаў Кастусік, Андрэй Ляўкевіч, Сяргей Ляўкевіч, Сяргей Радзюк, Аляксандр Чувак, а таксама вадзіцелі Арцём Вальчук, Васіль Жых, Валяр’ян Жукоўскі, Сяргей Лагута, Дзмітрый Маліка, Аляксандр Сямашка.

Усіх удзельнікаў жніва і гасцей пачаставалі духмяным караваем, а затым работнікаў палёў і тэхніку асвяцілі і блаславілі на паспяховую працу настаяцель царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц айцец Сергій і настаяцель касцёла Божага Цела аграгарадка Дварэц ксёндз Дзмітрый.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае 

Похожие публикации