Пад кіраўніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі прайшло пазачарговае пасяджэнне камісіі райвыканкама па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва, сумешчанае з пасяджэннем раённай назіральнай камісіі.

Удзел у ім прымалі супрацоўнікі адказных службаў райвыканкама, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, аддзела ўнутраных спраў, старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.
Для правядзення індывідуальных размоў наконт працаўладкавання былі запрошаны 19 жыхароў раёна, якія не заняты ў эканоміцы і знаходзяцца на розных відах уліку ў міліцыі, але прыйшлі толькі шэсць з іх.

– З астатнімі запрошанымі таксама абавязкова сустрэнемся ў бліжэйшы час, паколькі, па інфармацыі міліцыі, ёсць такая неабходнасць, – акцэнтаваў увагу спецыялістаў Вадзім Бялятка. – Усе, хто праігнараваў запрашэнне, будуць дадаткова праінфармаваны наконт новага пасяджэння, а праваахоўнікі акажуць садзейнічанне па іх дастаўцы на сустрэчу.

З кожным з беспрацоўных размаўлялі прадметна і прынцыпова. Першы расказаў, што быў індывідуальным прадпрымальнікам, аднак паўтара года таму спыніў дзейнасць. Нядаўна зарэгістраваўся ў якасці самазанятага, збіраецца ажыццяўляць рамонты. Мужчыну папярэдзілі, што толькі калі ён сумленна штомесяц будзе аплачваць падатак на прафесійны даход, то праблем не ўзнікне. Занятым ён пачне лічыцца з месяца, у якім будзе зроблена першая выплата.

Другі дзятлаўчанін сустракаецца з членамі камісіі не першы раз. Расказаў, што два месяцы запар працаваў у будаўнічай фірме на капрамонце шматкватэрнага дома. Цяпер наймальнік ад’язджае з нашага раёна, таму ёсць дамоўленасць аб працаўладкаванні ў іншую арганізацыю. Мужчыну папярэдзілі, што ён абавязкова павінен абвясціць аб даце свайго працаўладкавання спецыялістаў упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Наступны беспрацоўны расказаў, што дзякуючы свайму ўчастковаму інспектару міліцыі ўжо праходзіць медыцынскую камісію і ўладкоўваецца грузчыкам у Дзятлаўскі філіял Гродзенскага аблспажыўтаварыства. Крыху раней ён спрабаваў пайсці да іншага наймальніка, аднак не змог гэтага зрабіць па медыцынскіх супрацьпаказаннях. Спецыялісты пажадалі жыхару раёна шчаслівай работы і выказалі спадзяванне, што мужчына ўрэшце затрымаецца надоўга на новым працоўным месцы.

Па ўсім было відаць, што наступны не заняты ў эканоміцы не асабліва спяшаецца працаўладкоўвацца. У час ацяпляльнага сезона ён быў апальшчыкам, гаворыць, што з надыходам халадоў збіраецца вярнуцца на гэту пасаду, а пакуль зарабляе на зборы грыбоў. Пры гэтым пэўны час таму ад службы занятасці ён атрымаў накіраванне на вакансію жывёлавода, аднак так і не дайшоў да наймальніка. На гэты раз яму зноў прапанавалі розныя варыянты і папярэдзілі, што ў хуткім часе яшчэ правераць, ці адрамантаваў печку, бо і на гэты конт былі заўвагі ад ратаўнікоў.

Працаваць у іншым горадзе і дабірацца штодзень чыгуначным транспартам выказаў намер яшчэ адзін не заняты ў эканоміцы, які жыве ў вёсцы з бацькамі. На ўсе прапановы працаўладкавацца ў раёне мужчына адказаў адмоўна. Яго праінфармавалі, што сапраўды мае права шукаць наймальніка за шмат кіламетраў, аднак павінен прадаставіць даведку аб тым, што прыняты на работу.

Апошняй з камісіяй размаўляла жанчына, якая ўжо год не працуе з-за праблем са здароўем, а жыве за кошт падтрымкі бацькоў. Спецыялісты службы занятасці нагадалі, што нядаўна яна выказвала згоду працаваць аператарам ЭВМ, але перадумала. Да пэўных відаў работ у яе ёсць медыцынскія супрацьпаказанні. Жанчыну заклікалі на працягу тыдня выбраць прыдатнае месца работы.
Напрыканцы пасяджэння Вадзім Бялятка зазначыў, што работа камісій будзе прадоўжана, наступная сустрэча адбудзецца ў бліжэйшы час.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga