Добраахвотнае страхаванне дадатковай назапашвальнай пенсіі – гэта даступны спосаб павысіць даход у пенсійным узросце.

Больш падрабязна пра яго расказала намеснік начальніка ўпраўлення – начальнік аддзела пенсій і дапамог упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірына Баравік:

– Работнік, які жадае ўдзельнічаць у страхаванні, зможа выплачваць дадатковы ўзнос на назапашвальную пенсію (у дадатак да абавязковага 1 %, які ён плаціць на працоўную (сацыяльную) пенсію). Памер гэтага ўзносу – у працэнтах ад фактычнай заработнай платы – ён выбірае сам. Максімальны для работніка – 10 %.

Калі рашэнне ўдзельнічаць прынята, то да працэсу падключыцца і наймальнік, які павінен будзе плаціць узнос у памеры ўзносу работніка, аднак не большы за 3 %. Напрыклад, работнік выбірае ўзнос на назапашвальную пенсію 1 % ад заработнай платы – яшчэ 1 % даплаціць яго наймальнік, а ў агульнай суме на рахунак паступяць 2 % ад фактычнай зарплаты. Пры трохпрацэнтным узносе работніка наймальнік таксама даплаціць 3 % – у пенсійнае назапашванне паступяць 6 %. Калі чалавек выбраў плаціць 5 %, яшчэ 3 % дадасць працадаўца, і гэтак далей. Максімальна магчымы агульны ўзнос работніка і наймальніка па новай праграме складзе 13 % (10 % – ад чалавека плюс 3 % – ад працадаўцы).

Падкрэслю, што ўступленне работніка ў новую праграму ніяк не адаб’ецца на яго працоўнай (салідарнай) пенсіі. Яе памер будзе налічвацца па тых жа правілах, што і ў работнікаў, якія не ўдзельнічаюць у добраахвотным страхаванні: у залежнасці ад стажу і заробку да звароту па пенсію.

Адначасова пры ўступленні чалавека ў новую праграму расходы яго наймальніка на ўплату пенсійных узносаў не павялічацца: яго абавязковы 28-працэнтны ўзнос у бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва суразмерна паменшыцца. Напрыклад, калі ў пенсійныя назапашванні работніка трэба будзе скіраваць 3 %, то ў бюджэт фонду працадаўцам будуць пералічаны 25 %, а ў выніку сума ўплаты, як і раней, складзе 28 %.

– Ці прадугледжаны іншыя фінансавыя стымулы для ўдзельнікаў новай пенсійнай праграмы?

– Так. Па-першае, гэта льгота па падаходным падатку: работнікам прадастаўляецца права на атрыманне сацыяльнага падатковага выліку на суму выплачаных за кошт іх сродкаў страхавых узносаў на будучую назапашвальную пенсію. Гэта значыць, што памер заробка работніка, з якога наймальнікам вылічваецца падаходны падатак у 13 %, будзе зменшаны на велічыню страхавога ўзносу, заплачанага за кошт сродкаў работніка.

Па-другое, дадатковыя назапашвальныя пенсіі вызваляюцца ад падатковага падатку з фізічных асоб.

Па-трэцяе, ёсць магчымасць іх перадачы ў спадчыну.

Галоўнае ж, што забяспечана гарантыя захаванасці гэтых назапашванняў. Ажыццяўленне добраахвотнага страхавання дадатковай назапашвальнай пенсіі ўскладзена на дзяржаўную страхавую арганізацыю – рэспубліканскае ўнітарнае страхавое прадпрыемства “Стравіта”. Дзяржава гарантуе страхавыя выплаты па дагаворах страхавання, заключаных гэтым страхавым прадпрыемствам.

– Хто можа ўдзельнічаць у новым страхаванні?

– Права прадастаўлена работнікам, за якіх наймальнікі выплачваюць абавязковыя ўзносы ў Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Найчасцей такі характар мае работа па працоўных і грамадзянска-працоўных дагаворах, прадметам якіх з’яўляецца выкананне работ, аказанне паслуг і стварэнне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці.

Менавіта наяўнасць наймальніка і факт уплаты ім абавязковых страхавых узносаў дазваляе “запусціць” механізм дзяржаўнага фінансавання будучай назапашвальнай пенсіі.

Пачынаць удзел у новым страхаванні можна не пазней, чым за тры гады да дасягнення агульнавызначанага пенсійнага ўзросту. Абмежаванне звязана з тым, што пры менш працяглых тэрмінах удзелу назапашаныя сродкі і вынікі ад іх інвеставання аб’ектыўна не могуць стаць істотнымі.

– Якім будзе памер назапашвальнай пенсіі?

– Ён будзе разлічвацца з сумаў дадатковых узносаў з улікам даходаў ад іх інвеставання (па прынцыпе: “колькі назапасіў, столькі атрымаў”).

Указам гарантуецца норма даходнасці па пенсійных зберажэннях у памеры стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка, якая дзейнічае ў адпаведны перыяд (на 7 кастрычніка 2021 года была 9,25 %). Акрамя таго, прадугледжваецца налічэнне дадатковай даходнасці (страхавога бонуса) па выніках інвестыцыйнай дзейнасці РУСП “Стравіта”.

Яшчэ на суму пенсіі ў месяц паўплывае выбраны работнікам тэрмін яе атрымання: 5 або 10 гадоў.

– Як пачаць удзел у новай пенсійнай праграме?

– Жадаючыя сфарміраваць дадатковую назапашвальную пенсію павінны звяртацца ў РУСП “Стравіта”: падаць заяву і заключыць дагавор можна пры асабістым візіце або ў электронным выглядзе на афіцыйным сайце гэтай страхавой арганізацыі. Пра заключэнне дагавора і ўдзел у новай праграме трэба паведаміць наймальніку.

Дадатковыя ўзносы работніка на назапашвальную пенсію па яго заяве будзе штомесяц пералічваць сам наймальнік.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
Прамая лінія

Прамая лінія

14 июля, 2026
Караблі жніва і іх экіпажы
Дзелавы панядзелак. Новыя ўмовы патрабуюць новага стаўлення да справы

Похожие публикации