У летніку “Навука” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы прайшла прафарыентацыйная сустрэча “Як стаць журналістам?”.

З першых хвілін размова перастала быць маналогам. Дзеці, якіх у зале сабралася больш за 30 чалавек, актыўна ўключыліся ў абмеркаванне. Іх цікавілі розныя аспекты прафесіі: чым журналісты займаюцца на працягу працоўнага дня, ці могуць быць блогерамі, ці часта ўдаецца сустракацца з вядомымі людзьмі?

Не засталіся без увагі практыка-арыентаваныя пытанні: колькі часу траціцца на падрыхтоўку артыкула і што робіць журналіст пасля мерапрыемства? Большая ўвага навучэнцаў была акцэнтавана на тым, з чаго наогул пачынаецца шлях у прафесію, якія ВНУ рыхтуюць журналістаў, якія патрабаванні да прахадных балаў на бюджэтныя і платныя месцы, уступныя выпрабаванні і магчымасць праходжання папярэдняй падрыхтоўкі да экзаменаў.

Цікавым момантам сустрэчы стала інтэрактыўная гульня паміж дзвюма камандамі. У кожнай вызначылі “медыйную асобу” (умоўную знакамітасць), астатнія ўдзельнікі выступілі ў ролі журналістаў. Спачатку задавалі пытанні па чарзе, затым, імітуючы жывы прэс-падыход, абрынулі на “знакамітасць” шквал пытанняў без паўзы, правяраючы здольнасць захоўваць спакой, вылучаць галоўнае ў інфармацыйным патоку. Групам удалося стварыць кароткія інтэрв’ю, а сам фармат гульні наглядна прадэманстраваў, што журналістыка – гэта дыялог, дзе важна не толькі пытацца, але і ўмець слухаць, хутка рэагаваць у нестандартнай сітуацыі. Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы, пакінуўшы яркія ўражанні і новыя веды.

Ксенія МІКЛАШ
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае