Гуляем і перамагаем!

Гульня ў шашкі – адно з любімых захапленняў выхаванцаў Казлоўшчынскага дзіцячага сада. Летам у шашкі дзеці гуляюць на свежым паветры, самі арганізоўваюць партнёраў па дзейнасці, засвойваюць асновы культуры паводзін у гульні. У гэты перыяд праходзіць і шашачны турнір сярод дзяцей сярэдняга і старэйшага ўзросту. Па выніках гульні ўсе дзеці атрымліваюць дыпломы і прызы.
Запальваем футбольныя зоркі!

Дзіцячы сад № 2 горада Дзятлава ў рамках акцыі “Мой сябар – футбольны мяч” наведалі самыя сапраўдныя спартсмены, госці з Дзятлаўскай ДЮСШ.
Трэнер Уладзімір Ганчар расказаў дзецям пра футбол, а выхаванцы спартыўнай школы прадэманстравалі неверагодныя элементы валодання мячом.

Самым захапляльным момантам сустрэчы стала практычная трэніроўка. Выхаванцы старэйшай групы старанна, з вялікай упартасцю выконвалі заданні трэнера: вучыліся правільна весці мяч, забіваць у вароты. Завяршылася свята гарачым міні-матчам.
Бяспека – на першым месцы

У летніку працы і адпачынку “Дружба” сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы прайшла прафілактычная акцыя з удзелам інспектараў Дзятлаўскага РЭС. Яе галоўная мэта – нагадаць дзецям правілы электра-, цеплабяспекі. У гульнявой і інтэрактыўнай форме яны растлумачылі, якая небяспека можа хавацца за звыклымі бытавымі прыборамі, пашкоджанымі правадамі, цеплавымі камерамі і люкамі калодзежаў, нагадалі, чаму нельга падыходзіць да трансфарматарных будак і гуляць пад лініямі электраперадач. Выхаванцы атрымалі памяткі і карысныя сувеніры.

Падрыхтавала Таццяна САНЮК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga