25 чэрвеня дэлегацыя Дзятлаўскага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім і старшынёй раённага Савета дэпутатаў Аляксандрам Бараноўскім пабывала ў горадзе Гродне і наведала мабільны музей “Цягнік Перамогі”.

Упершыню гэты гісторыка-асветніцкі грамадска-патрыятычны праект быў рэалізаваны Беларускай чыгункай сумесна з ААТ “Расійскія чыгуначныя дарогі” ў 2021 годзе, а ў год 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны зноў курсіруе па Беларусі. У Гродне ён спыніўся на два дні: 24-25  чэрвеня. У гэты час у жыхароў розных раёнаў Прынёмання была магчымасць наведаць інтэрактыўную экспазіцыю, размешчаную ў дзесяці тэматычных вагонах, кожны з якіх прысвечаны пэўнаму перыяду. Дзякуючы мультымедыйнаму суправаджэнню і рэалістычным дэкарацыям, госці маюць магчымасць акунуцца ў атмасферу ваеннага ліхалецця і ўшанаваць памяць тых, хто сваімі мужнасцю і стойкасцю падарыў нам мірнае неба.

– Эмоцыі перапаўняюць, вельмі магутная візуалізацыя, – падзяліўся ўражаннямі пасля наведвання экспазіцыі Андрэй Садоўскі. – Безумоўна, гэту мабільную гістарычную выставу лепш адзін раз убачыць, чым сто разоў пра яе пачуць. Наведаць “Цягнік Перамогі” варта абавязкова. Як ведаем, дзятлаўчане ў мінулым годзе былі на экскурсіі, калі ў наш раён прывозілі перасоўную экспазіцыю Музея Вялікай Айчыннай вайны, але яна была толькі невялікай крупіцай ад усяго маштабу.

З пабачанага трэба зрабіць выснову, што самае страшнае – гэта страціць памяць. Калі яна адсутнічае, то страчана ўсё. Падобныя праекты ў выглядзе перасоўных музеяў, акцый, экспазіцый аднаўляюць і нагадваюць нам моманты з гісторыі. Нездарма мы заўжды паўтараем, што яе ўрокі нельга забыць, іх немагчыма перапісаць, і я ўпэўнены, што перапісаць гісторыю не атрымаецца.

– Праект “Цягнік Перамогі” пераводзіць гісторыю з пасіўных ведаў у актыўныя перажыванні, – выказала меркаванне Анастасія Лагуцік. – Памяць аб вайне становіцца не інтэлектуальнай, а эмацыянальнай, а што адчуваецца праз слёзы, ужо не сатрэш ілжывымі фэйкамі. Мы не перапісваем гісторыю, як гэта стараецца зрабіць Захад, а паказваем праўду жахлівымі фактамі бясчынстваў, якія доўжыліся чатыры гады.

У музеі-цягніку асабістая памяць соцень сем’яў сплятаецца ў адзіны нервовы вузел, які не дае рассыпацца агульнаму гістарычнаму наратыву: мы не проста памятаем аб вайне – мы памятаем, чыімі нашчадкамі з’яўляемся. Я лічу, што наведаць “Цягнік Перамогі” павінен кожны грамадзянін, які жадае жыць у міры, бо сёння захаваць памяць пра вайну, значыць захаваць сябе як народ.

Ірына СТЫРНІК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации