У Год беларускай жанчыны нам выпала цудоўная магчымасць расказаць на старонках газеты “Перамога” пра абаяльных, таленавітых, выдатных нашых зямлячках, якія шчыра працуюць на Дзятлаўшчыне. У іх ліку – брыгадзір МТК “Таркачы” ААТ “Граніт-Агра”, матуля чатырох дзяцей Святлана Кірыла, якая ведае сакрэт высокіх надояў і жаночага шчасця.
Святлана Пятроўна прызнаецца, што і дня жыць не можа без свайго малочнатаварнага комплексу, хоць некалі нават і не думала, што жыццё звяжа з работай у сельскай гаспадарцы.
Яна нарадзілася ў Астравецкім раёне і вырашыла, што пасля заканчэння школы стане бухгалтарам. Атрымала адпаведную адукацыю ў Ашмянскім аграрна-эканамічным тэхнікуме і прыйшла на адпрацоўку на эксперыментальную базу “Жодзіна”, што пад Мінскам.

– Як толькі прыехала, мяне выклікаў дырэктар і кажа, што месца бухгалтара ў арганізацыі вызваліцца праз чатыры месяцы, а пакуль можна папрацаваць памочнікам загадчыка фермы. І паказаў для параўнання заробкі на адным і другім месцы, – расказвае жанчына. – Зразумела, што ў мяне пасля заканчэння каледжа было шмат планаў і мараў, а высокі заробак мог здорава дапамагчы ў іх рэалізацыі. Я пагадзілася, так і пачаўся мой шлях у сельскай гаспадарцы.
У 19 гадоў Святлана Пятроўна разам з кіраўніцтвам раёна адкрывала новы жывёлагадоўчы комплекс эксперыментальнай базы “Жодзіна” ў ролі яго загадчыцы. Далей была праца ў ААТ “Белавежскі” вядучым селекцыянерам, галоўным заатэхнікам. Па сямейных абставінах пераехала на Уздзеншчыну, дзе прадаўжала працаваць у сельскай гаспадарцы, на рабоце пазнаёмілася з будучым мужам.
– Раскажыце, як патрапілі на Дзятлаўшчыну.
– Магчыма, мы і працавалі б на мінулым месцы, аднак там былі складанасці з жыллём. Таму я стала шукаць варыянты па аб’явах і выйшла на ААТ “Граніт-Агра”, дзе адразу паабяцалі стабільную работу і кватэру. Як цяпер помню, 25 мая, на апошні званок, мы разам з мужам прыехалі сюды, паглядзелі ўсё і ўлюбіліся ў гэта месца з першага погляду. Так ва ўтульнай калгаснай кватэры з прасторнымі пакоямі і двума балконамі пасялілася іх дружная сям’я з чатырма дзецьмі.

Святлана Кірыла ўзначальвае МТК “Таркачы”, а яе муж працуе тут памочнікам. Пагалоўе комплексу складае 1520 галоў, з іх 664 – дойнага статку, сярэднясутачны надой складае 28-29 літраў на карову, і гэта адзін з самых высокіх паказчыкаў у раёне. Брыгадзір расказала, як удаецца дасягаць такіх вынікаў:
– У нас моцная кармавая база і галоўнае – апантаны сваёй справай граматны галоўны заатэхнік Анастасія Хоміч. Яна – часты госць у нас, кантралюе ўсе ключавыя працэсы, калі трэба, дапамагае парадай і справай.

Святлана Кірыла лічыць, што ёй вельмі пашанцавала з калектывам, і стараецца адпавядаць.
– Калі прыходжу на работу, першае, што пытаю ў людзей, як справы, як дзеці, якія падзеі і клопаты. І толькі потым пра работу, – дзеліцца Святлана Пятроўна. – Гэту звычку я пераняла ад свайго кіраўніка па ААТ “Белавежскі”, былога міністра сельскай гаспадаркі Юрыя Мароза. У нас там працавала каля дзвюх тысяч чалавек, але калі ён прыязджаў на ферму, заўсёды падыходзіў да простых работнікаў, распытваў пра сям’ю, і гэта сагравала.
У сям’і, дзе бацькі абодва працуюць у сельскай гаспадарцы, даводзіцца выбудоўваць распарадак і дакладную лагістыку: раніцай на работу на шэсць гадзін ідуць па чарзе, хто застаецца дома – корміць дзяцей сняданкам, адпраўляе ў школу і садок. Цэлы дзень праходзіць у клопатах, абходах, аглядах, карэктаванні рацыёну, афармленні дакументацыі, што з’яўляецца неад’емнай часткай работы кіраўніка.
Пасля сямі гадзін вечара Святлана Пятроўна вяртаецца дадому і становіцца звычайнай мамай, у якой хапае сіл, цярпення і клопату для кожнага члена сям’і. Прыгатаваць ежу, падрыхтаваць адзенне ўсім на заўтра, праверыць урокі і пачытаць казку – гэту штодзённую работу ніхто не адменіць.

– Я вельмі эмацыянальная мама, перажываю за дзяцей і ганаруся імі, недзе пушчу слязу ад пачуццяў. Як магу, стараюся іх падтрымліваць. Сёлета са старэйшай Каралінай разам вучылі білеты па гісторыі, дык пра краманьёнцаў у нас увесь калектыў фермы ўжо ведае, – усміхаецца жанчына.
Дзеці – вялікая любоў, гонар і ўцеха, пра іх матуля расказвае з асаблівай пяшчотай. Старэйшая – прыгажуня і выдатніца, збіраецца сёлета паступаць, сярэдняя – спартсменка і актывістка, ужо прыглядваецца да конкурсу ў кадэцкае вучылішча. Малодшыя сын і дачка – гарэзы-пагодкі, неўзабаве пойдуць у школу. Святлана Пятроўна марыць аддаць іх разам у адзін клас.
Здавалася б, з такім насычаным працоўным графікам не застаецца часу ні на што іншае, аднак жанчына разупэўнівае ў гэтым меркаванні.
– Мы шмат падарожнічаем сям’ёй, аб’ехалі з дзецьмі многія знакавыя месцы Беларусі, пабачылі Астравецкую АЭС, наведалі Хатынь, дзе плакала не толькі я. Хутка паедзем у Мінск на канцэрт, дзе будзе выступаць і Ваня Дзмітрыенка. Білеты мы падарылі дачцэ на заканчэнне базавай школы.
– Не шкадуеце, што лёс звязаў вас з сельскай гаспадаркай? – пытаюся ў суразмоўніцы.
– Працаваць у гэтай сферы было самае правільнае маё рашэнне. Тут я знайшла аддушыну, бо, напэўна, не змагла б сядзець на месцы і перабіраць лічбы. Займаюся справай, дзе патрэбная і магу шмат чаго зрабіць. Нават у выхадны дзень паднімаюся рана і ўжо сумую па рабоце.

– У чым, па-вашаму, жаночае шчасце?
– У вялікай сям’і. Мы з сястрой толькі дзве ў бацькоў, а ў мяне ажно чацвёра дзяцей. Разумею, што мы, бацькі, не вечныя, і радуюся, што яны заўжды падтрымаюць адзін аднаго па жыцці, будуць такімі ж дружнымі, як і цяпер.
– Чаго б хацелі ад будучыні?
– Усе мае мары ўвасобіліся ў жыццё. Я жыву ў выдатным месцы – аграгарадку Круцілавічы з вялікай сям’ёй, маю работу, якой жыву, побач – любімы муж, мая падтрымка ў рабоце і дома. У нас цікавае жыццё, насычанае плённай працай і актыўным адпачынкам. Усё, чаго я жадаю, каб дзеці былі заўжды здаровыя і ніколі не забывалі дарогу да бацькоўскага дома.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины