Школьнае лясніцтва “ЛесКам+” у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы стала сапраўдным цэнтрам юнацкага руху. Тут падлеткі не толькі бавяць час на прыродзе, але і займаюцца яе абаронай, захаваннем і аднаўленнем лясоў, атрымліваюць сур’ёзныя веды па лесаводстве, біялогіі і экалогіі. Яны вывучаюць літаратуру, удзельнічаюць у экалагічных акцыях і лесааднаўленчых мерапрыемствах, праводзяць назіранні і даследаванні. Атрыманыя веды “лескамаўцы” перадаюць сваім аднагодкам, выкарыстоўваюць, працуючы ў лесе.

Зусім нядаўна ў Іўеўскім раёне сабраліся пераможцы і прызёры абласнога этапу рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес!”. Сярод пераможцаў – навучэнцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы, члены школьнага лясніцтва “ЛесКам+” Лізавета Якубоўская і Соф’я Сіняк. Яны сталі лепшымі ў намінацыі “Экалогія раслін”, узнагароджаны дыпломам першай ступені і каштоўнымі падарункамі. Праект, прадстаўлены навучэнцамі, атрымаў найвышэйшую адзнаку абласнога журы, што адкрыла ім дарогу на рэспубліканскі фінал конкурсу. Узнагароду ўручыў генеральны дырэктар Гродзенскага ДВЛГА Міхаіл Ігнацік.

Па словах удзельнікаў, урачыстае мерапрыемства было цікавым і запамінальным. Апроч афіцыйнай часткі, прапанавана насычаная адукацыйная і экскурсійная праграма.

Поспех юных лесаводаў – гэта вынік карпатлівай даследчай працы, шчырай любові да роднай прыроды. Вялікі ўклад у перамогу ўнесла навуковы кіраўнік – настаўніца фізікі і кіраўнік школьнага лясніцтва “ЛесКам+” Наталля Белаус. Пад яе кіраўніцтвам навучэнцы штогод дэманструюць высокія вынікі ў экалагічных конкурсах, рэспубліканскім юніёрскім лясным конкурсе “Квітней, мой лес!”.

Віншуем з заслужанымі ўзнагародамі, жадаем юным эколагам паспяховай абароны свайго праекта і яскравай перамогі на рэспубліканскім этапе конкурсу, не спыняцца на дасягнутым, ставіць новыя мэты і ўвасабляць самыя смелыя ідэі ў абарону прыроды нашай краіны.

Паліна ПАЛУНОСІК,
Зарына МАКАРЧУК,
юныя журналісты газеты “Перамога”, навучэнкі 11 класа сярэдняй школы № 1 г. Дзятлава імя А. М. Чурылы, члены школьнага лясніцтва “ЛесКам+”
Аляксей УРБАНОВІЧ,
намеснік дырэктара Дзятлаўскага лясгаса
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае