Гэта прыгожая пара нібыта сышла з палотнаў мастакоў мінулага стагоддзя: усё ў ёй гарманічна і прасякнута грацыяй, авеяна загадкавасцю і натхненнем.

25 гадоў разам па жыцці крочаць дзятлаўчане Валерый і Алена Капковічы. Гісторыя іх кахання напісана сумеснымі ўспамінамі, іспытамі, радасцямі, а ў апошнія гады іх яшчэ мацней звязала захапленне бальнымі танцамі ў аб’яднанні “Эліт Данс” пад кіраўніцтвам Анатоля Кардаша.

Сімвалічную рэгістрацыю сярэбранага юбілею вяселля Валерый Іванавіч і Алена Мікалаеўна сёлета таксама правядуць ярка і запамінальна – 30 мая ў час адкрытага фестывалю сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст” перад землякамі і гасцямі горада, прымаючы шчырыя віншаванні і пажаданні разам з яшчэ некалькімі лепшымі парамі Дзятлаўшчыны, якія сустракаюць юбілеі сумеснага жыцця.

Сярэбранае вяселле не проста дата на сямейным календары, а сімвал трываласці пачуццяў і вернасці, якія, як высакародны метал, з часам павялічваюць сваю вартасць.

– Мы згадзіліся выйсці на чырвоную дарожку “Зецельскага фэсту”, каб зноў адчуць прыемнае хваляванне, паказаць, што наша каханне перамагло ўсе жыццёвыя іспыты: мы шчаслівыя разам, добрая сям’я, ганарымся дзецьмі, адзін адным, – зазначаюць Капковічы.

У дзень фэсту яны не толькі збіраюцца прымаць віншаванні, але і самі падрыхтавалі яркі і творчы падарунак для землякоў і гасцей свята – арыгінальны танец уласнай пастаноўкі пад адну з самых мілагучных і кранальных песень “Рэха кахання”.

Шмат гадоў таму рамантычна і нестандартна пачалася іх сумесная гісторыя. На той час Валерый і Алена вучыліся ў Лявонавіцкай сярэдняй школе. У старэйшых класах дзяўчыну, якая заўжды была актывісткай грамадскага жыцця, запрасілі на Новы год сыграць ролю Снягурачкі ў мясцовым клубе, а кандыдат на ролю Дзеда Мароза па іроніі лёсу захварэў. За навагодняга чараўніка давялося быць спакойнаму і ўседліваму Валерыю. Алена не ўяўляла, як яны справяцца з творчым заданнем, але адбыўся сапраўдны навагодні цуд: і выступленне ўдалося, і цёплае пачуццё ў юных сэрцах зарадзілася. Былі гэта першыя вытокі іх працяглай, прыгожай і няпростай гісторыі кахання, у якой здараліся і раставанні, і прымірэнні, перш чым два лёсы зліліся ў адзіны сплаў, на сёння ўжо “сярэбранай вартасці”.

Валерый Іванавіч і Алена Мікалаеўна выгадавалі двух цудоўных, вельмі творчых дзяцей. Сын Артур пачынаў з прафесіі ваеннага, цяпер жа яго работа звязана з кіно. Дачка Караліна – выкладчык па цымбалах, працуе ў Міры, нярэдка сольна або з выхаванцамі выступае на канцэртах у Мірскім замку.

Сама Алена Капковіч больш за чвэрць стагоддзя адпрацавала ў дзіцячым садзе, а сёння – намесніца дырэктара сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава. Асоба яна актыўная, творчая, захопленая, ходзіць на фітнэс, зумбу, бальныя танцы, умее ператварыць любую сямейную ўрачыстасць у незабыўнае свята з конкурсамі, забаўкамі, яркімі заданнямі і непаўторнай атмасферай. Першым натхняльнікам тэматычных сямейных сустрэч быў сын Артур. Дзякуючы яго прапановам і невычэрпнай матулінай энергіі сямейныя святы з роднымі і блізкімі ўжо некалькі гадоў запар праходзяць як стылізаваныя вечарыны: у стыле 90-х, рэтра-кіно, савецкага перыяду, перадачы “Точь-в-точь”. Блізкія з радасцю падхапілі сямейную традыцыю, бо яна дорыць станоўчыя эмоцыі і пакідае прыемныя ўспаміны.

Валерый Іванавіч чалавек спакойны і стрыманы, па словах жонкі, у яго залатыя рукі, бо дома няма той работы, якую б не змог выдатным чынам зрабіць гаспадар. Працуе ён у ТАА “Ізакам”, а вольны час прысвячае не толькі хатнім справам, але і бальным танцам. Дзякуючы сумеснаму захапленню, Капковічы сталі яшчэ больш дружнымі. Разам з задавальненнем не толькі выступаюць на балах, але і проста падарожнічаюць па цікавых мясцінах Беларусі, збіраючы ўласную “калекцыю” прыемных уражанняў і яркіх момантаў. Тым не менш, сямейная пара лічыць сябе дамашнімі людзьмі, цэніць утульнасць, гасціннасць, традыцыі, дамашнюю кухню. Ёсць у Капковічаў каронныя стравы, якія абавязкова заказваюць дзеці, калі прыязджаюць у бацькоўскі дом: у таты – гэта бліны, у мамы – варэнікі з бульбай.

Нашы землякі падзяліліся ўласнай формулай сямейнага шчасця. У іх выпадку пад адным дахам сустрэліся два супрацьлеглыя характары. Мінус і плюс, як батарэйка, па меркаванні Капковічаў, даюць невычэрпны зарад энергіі. Актыўнасць, імклівасць, харызматычнасць Алены Мікалаеўны і стрыманасць, клапатлівасць, спакой Валерыя Іванавіча разам даюць вельмі гарманічнае спалучэнне. Таму і формула шчасця ў іх простая, можна сказаць, класічная – з трох складальнікаў: дзеці + каханне + ўзаемаразуменне.

Іншым сем’ям Валерый і Алена Капковічы таксама жадаюць разумець і прымаць адзін аднаго, часцей саступаць, нягледзячы на прынцыпы, і не расставацца, бо каханне і сямейнае цяпло мацнеюць з гадамі, калі прыходзяць мудрасць і вопыт.

Ірына СТЫРНІК
Фота з сямейнага архіва Капковічаў

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#годбелорусскойженщины #нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации