У Год беларускай жанчыны сектарам спорту райвыканкама ў Тэлеграм-канале “Пул Дзятлаўскі” быў запушчаны чэлендж “Шлях да здароўя”, які праходзіць пры падтрымцы аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, раённых арганізацый грамадскіх аб’яднанняў “Белая Русь” і “Беларускі саюз жанчын”. Мерапрыемства скіравана на папулярызацыю актыўнага стылю жыцця і добрых звычак жыхарак Дзятлаўшчыны, якія  ўмеюць спалучаць справы і адпачынак, заставацца актыўнымі і здаровымі.

Другой пераможцай чэленджу стала дзятлаўчанка Кацярына Магбіці, шматдзетная мама, якая знаходзіць час для заняткаў валейболам. З перамогай яе павіншавала галоўны спецыяліст сектара спорту райвыканкама Наталля Калодка.

З пажаданнямі не спыняцца  на дасягнутым, заставацца такой жа бадзёрай, актыўнай і жыццярадаснай да віншаванняў з памятным падарункам ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” далучылася Вольга Рагачова.  Яна зазначыла асноўную якасць пераможцы – уменне сумяшчаць адпачынак, работу над сабой, спорт і выхаванне дзяцей.

Сімвалічную брошку – кветку васілька – ёй уручыла старшыня раённай арганізацыі ГА “БСЖ” Алена Васкель, адзначыла, што галоўнае назначэнне жанчыны, вядома ж, быць маці, а быць маці чатырох дзетак – гэта асабліва адказна і пачэсна, з гэтай місіяй Кацярына Ігараўна спраўляецца на “выдатна”.

Кацярына Магбіці, дзятлаўчанка, зараз знаходзіцца ў дэкрэтным адпачынку, выхоўвае чацвярых дзяцей, нягледзячы на гэта прадаўжае працаваць трэнерам па спорце, займаецца валейболам.

– Валейбол – гэта і мая прафесія, і стыль жыцця, – расказвае пра сябе жанчына.–  З самага ранняга дзяцінства не пакідаю спорт, і таму навучылася паспяваць сумяшчаць і работу, і хобі, і выхаванне дзяцей, і працу над сабой, бо добра ведаю і правільна размяркоўваю  свае штодзённыя задачы – што, як і куды. Дапамагаюць, зразумела, і бабулі, ды і старэйшыя дзеці ўжо падраслі памочнікамі. Я жадаю ўсім жанчынам, каб яны не забывалі за бытавымі праблемамі пра сябе, знаходзілі час для заняткаў любімай справай, якая іх натхняе.

Запрашаем і надалей дзятлаўчанак да ўдзелу ў чэленджы. Давайце з вамі пакажам, наколькі мы розныя і цудоўныя.

Таццяна САНЮК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае #годбелорусскойженщины

Похожие публикации