На Дзятлаўшчыне пачынаецца касьба траваў першага ўкосу, аднак у гэтым сельгаспрадпрыемстве пачалі сезон не зусім традыцыйным чынам.

Пра новую стратэгію нарыхтоўкі кармоў і чаканы эканамічны эфект расказаў намеснік дырэктара ААТ “Дварэц-Агра” Дзяніс Тамкевіч.
– Зараз на палетку каля аграгарадка Раготна косім азімае жыта, якое заўтра будзе паднята, здробнена і закладзена ў траншэі. Нарыхтоўваем сянаж з зялёнай масы гэтай культуры. Для нашай гаспадаркі гэта новы від корму, такі вопыт мы перанялі ў флагманаў малочнай галіны вобласці – сельгаспрадпрыемстваў Гродзенскага раёна. Думаю, ён добра прыжывецца і ў нас. У параўнанні з іншымі відамі траваў, нават люцэрнай, такія кармы маюць высокую харчовую каштоўнасць, і, як вынік – добрую малакааддачу. Месяц сянаж будзе выспяваць і ў далейшым выкарыстоўвацца на корм жывёле.

– Для кармоў патрэбна асаблівае жыта?
– Не абавязкова. Напрыклад, на гэтым полі ўбіраем звычайныя гатункі азімага жыта. Аднак восенню пасеялі на зерне зялёнаўкоснае жыта для далейшага вырошчвання і выкарыстання. Рынак дыктуе свае ўмовы, таму мы адмаўляемся ад фуражнага жыта, прымяняем яго толькі на сянаж.
Дзяніс Зянонавіч расказаў, што азімае жыта – прамежкавая культура ў агранамічным цыкле гаспадаркі, а ў планах – атрымаць з гэтага поля два ўраджаі.

– Адразу пасля ўборкі жыта неадкладна пераходзім да падрыхтоўкі глебы і сяўбы люцэрны, укос якой таксама ўбяром сёлета. У планах на сезон, як і ў мінулым годзе, – зрабіць тры ўкосы траў. Забяспечваем сябе зялёнымі кармамі на 100 %, лішкі прадаём іншым сельгаспрадпрыемствам.

На касьбе традыцыйна заняты Мікалай Марук, які вылучаецца грунтоўным падыходам да справы і высокімі вытворчымі вынікамі, за што быў адзначаны ўзнагародай на абласных “Дажынках-2025”. У жыцці ён склаўся як прафесіянал у сілавых структурах, а па выхадзе на заслужаны адпычынак радуе позірк і душу работай у полі. Трэці год запар працуе на энерганасычаным трактары МТЗ-3522 з модульнай касілкай КМР-9. Вопыт уборкі жыта на зялёны корм для яго першы.


– Тэхніка ідзе па полі лёгка, укос багаты, настрой – выдатны. Спадзяюся, і эфектыўнасць новага праекта будзе высокая, – кажа мужчына. – Наперадзе – гарачы сезон, бо напаўсілы мы працаваць не ўмеем.

Усім аграрыям Дзятлаўшчыны ён жадае спрыяльнага надвор’я, моцнага здароўя і высокага ўраджаю.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #НаРоднойЗемлеЖивиКакХозяин