81-ю гадавіну Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне дзятлаўчане сустрэлі Маршам памяці і ўрачыстым мітынгам каля абеліска Славы.

Да месца правядзення мерапрыемства ў суправаджэнні Новаяльнянскага духавога аркестра па вуліцах Дзятлава прайшлі ўдзельнікі рэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” – дзеці і дарослыя з фотапартрэтамі сваіх продкаў, ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, а таксама прадстаўнікі раённай і мясцовай улады, працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, сілавых структур, воіны-афганцы, навучэнцы школ раёна.

Уся Дзятлаўшчына сабралася на свяшчэнным для жыхароў раёна месцы – каля падножжа абеліска Славы, каб ушанаваць памяць тых, хто ў цяжкіх баях і суровых умовах тылу набліжаў Перамогу, хто не вярнуўся з франтоў Вялікай Айчыннай вайны, мірных жыхароў, якія загінулі ад рук карнікаў у час вайннага ліхалецця. Роўна апоўдні разам з усёй краінай дзятлаўчане далучыліся да Усебеларускай хвіліны маўчання.

Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі павіншаваў прысутных са святам, нагадаў дзятлаўчанам слаўныя і трагічныя старонкі ваеннай гісторыі:

– Гэты дзень – асаблівы для кожнага беларуса. 81 год аддзяляе нас ад таго незабыўнага мая, калі змоўклі апошнія залпы гармат і на нашу шматпакутную зямлю прыйшоў доўгачаканы мір. Беларусь у ваеннае ліхалецце пацярпела як ні адна краіна ў свеце: у выніку бесчалавечнага генацыду яна страціла кожнага трэцяга. Гэты боль спаўна падзялілі і жыхары Дзятлаўшчыны. Баявыя дзеянні пачаліся на нашай зямлі 29 чэрвеня 1941 года: у першым баі загінулі 14 байцоў лейтэнанта Міхаіла Лебедзева, і вораг, аддаючы даніну іх адвазе, пахаваў салдат з усімі воінскімі ўшанаваннямі. З 30 чэрвеня раён на тры гады пагрузіўся ў цемру акупацыі, дзе панавалі тэрор паліцаяў, генацыд і Халакост. Фашысты стварылі чатыры гета, знішчылі 23 вёскі, сем з якіх так і не адрадзіліся. Яшчэ 16 былі разбураныя часткова.

Навечна ўпісаны ў журботны летапіс раёна і ахвяры Халакосту ў Коцьках, Курпешах, Дзятлаве, Наваельні і Казлоўшчыне.

Аднак зламаць дух народа не ўдалося. Дзятлаўшчына не схіліла галаву перад ворагам. У тыле імгненна разгарнулася ўсенародная барацьба: узброены супраціў партызан і работа падпольшчыкаў. На тэрыторыі раёна актыўна дзейнічала Ленінская партызанская брыгада, якая вырасла з чатырох атрадаў і налічвала больш за 1200 народных мсціўцаў, у Ліпічанскай пушчы – партызанскія атрады брыгад “Перамога” і імя Варашылава, а ў самім Дзятлаве – антыфашысцкі камітэт.

У памяці народнай назаўжды застаўся подзвіг Іосіфа Філідовіча, несмяротны бой Героя Савецкага Саюза Івана Фурсенкі, які, будучы цяжка параненым, сем гадзін у адзіночку стрымліваў націск ворага.

Доўгачаканае вызваленне прыйшло ў ліпені 1944 года разам з байцамі Чырвонай арміі і партызанамі Ленінскай брыгады. Свабода аплачана дарагой цаной: у брацкай магіле гарадскога парка пахаваныя вызваліцелі Дзятлава, сярод якіх – Героі Савецкага Саюза Ян Фогель і Павел Пятроў.

Стойкасць і гераічнасць жыхароў Дзятлаўшчыны, праяўленыя ў суровыя гады вайны, па заслугах ацэнены на самым высокім узроўні: у 2024 годзе ў знак глыбокай павагі да ратнага і працоўнага подзвігу нашых продкаў гораду Дзятлава быў уручаны ганаровы вымпел “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны”.

Мы абавязаны берагчы гэты каштоўны мір, мацаваць адзінства і сваёй стваральнай працай рабіць наш любімы горад больш прыгожым. Мы нікому не дазволім перапісаць гісторыю і прынізіць вырашальную ролю савецкага народа ў разгроме фашызму.

Ад імя Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта і раённага Савета дэпутатаў віншую вас з Днём Перамогі! У гэты светлы і радасны дзень я жадаю вам і вашым сем’ям моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, працвітання і доўгіх гадоў мірнага жыцця пад чыстым небам любімай Айчыны! Няхай свята Вялікай Перамогі стане для кожнага з нас сімвалам нацыянальнага гонару і памяці аб гераічным подзвігу нашых продкаў.

Благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі Іаан Кісель і настаяцель касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Дзятлаве ксёндз-пробашч Андрэй Лішко павіншавалі прысутных з Днём Вялікай Перамогі і запрасілі далучыцца да сумеснай малітвы аб супакоі душаў загінулых і памерлых у гады вайны.

Першы сакратар раённай арганізацыі ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык адрасавала віншаванні землякам ад моладзі раёна:

– Пераможны май для нас – не проста гісторыя. Гэта пах квітнеючых яблыняў, гэта свята, падоранае прыродай народу-пераможцу як сімвал адраджэння. Кожны год мы далучаемся да патрыятычнага праекта “Кветкі Вялікай Перамогі”. Бутаньерка з яблыневага цвету і чырвона-зялёнай стужкі на нашай вопратцы – даніна памяці загінулым і наша шчырая ўдзячнасць за падораны мір. У гэты дзень мы схіляем галовы перад тымі, хто не дажыў да Перамогі. Вечная слава загінулым на палях бітваў! Нізкі паклон ветэранам, франтавікам і працаўнікам тылу. Ад усёй душы віншую вас, дарагія жыхары Дзятлаўшчыны, з гэтай вялікай датай. Жывіце ў міры і згодзе. Моцнага здароўя вам і вашым блізкім, душэўнага цяпла, светлых надзей і шчаслівай будучыні!

Удзельнікі мерапрыемства ўсклалі вянкі, гірлянды і кветкі да мемарыяла і Вечнага агню ў знак пашаны да загінулых і ўдзячнасці героям Вялікай Айчыннай вайны.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации