Аграрыі Дзятлаўшчыны прадаўжаюць сяўбу кукурузы на зерне. Аб поспехах КСУП “Войневічы” ў гэтай справе расказаў галоўны аграном гаспадаркі Іван Палуянцэвіч:

– Пры плане 420 гектараў мы ўжо пасеялі каля 300 гектараў кукурузы на зерне. Наперадзе – кукуруза на зялёны корм, як і летась, яе запланавана 500 гектараў. Праводзім перадпасяўную апрацоўку глебы – культывацыю ў два сляды, унеслі арганічныя і ўвесь комплекс мінеральных угнаенняў. Выкарыстоўваем імпартныя гібрыды кукурузы КВС і “Lidea”, на сілас – айчынныя.

На палетку паблізу вёскі Ёцавічы на падрыхтоўцы глебы да сяўбы працуе механізатар Дзмітрый Сухецкі на МТЗ-3022 з культыватарам КУМ-10, на сяўбе заняты адзін з самых вопытных механізатараў гаспадаркі Аляксандр Сіўко на новым МТЗ-1221.3 з васьмірадовай сеялкай дакладнага высеву Kuhn Planter. Яго стабільны вынік – ад 30 да 35 гектараў у дзень пры наладжаным падвозе насення.

– Працуецца добра, бо трактар новы, толькі летась атрымаў яго для работы, – расказвае Аляксандр Уладзіміравіч. – Сёлета ўжо пасеяў буракі. Калі скончым з кукурузай, ужо трава падрасце, пяройдзем на касьбу.

Пераменлівае надвор’е дадае аграрыям клопату, але вялікі вопыт работы дазваляе дастойна спраўляцца з любымі нечаканасцямі і дасягаць патрэбнага выніку.

– Чакаем першыя ўсходы цукровых буракоў і будзем праводзіць хімічную праполку, таксама ў бліжэйшы час апрацуем такім чынам яравыя збожжавыя культуры, – анансуе планы на будучыню Іван Палуянцэвіч.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации