Да апошняга і самага святочнага вясновага месяца засталося ўсяго некалькі дзён. Як рыхтуюцца да святаў, абнаўляюцца і мяняюцца да лепшага райцэнтр і гарадскія пасёлкі, расказаў дырэктар Дзятлаўскага РУП ЖКГ Васіль Пяцюк:

– Акцэнт робім на Дзятлава, дзе пройдуць асноўныя святочныя мерапрыемствы мая: сёлета набылі 80 новых сцягоў, абнавілі святлодыёдныя панэлі на вуліцах горада, на плошчы 17 Верасня ўстанавілі новую дзяржаўную сімволіку – металічны каркас, абшыты ПВХ-панэлямі. На інсталяцыю было выдаткавана каля чатырох тысяч рублёў. Навінку ўжо заўважылі і ацанілі дзятлаўчане. Таксама мы абнавілі, адрамантавалі малыя архітэктурныя формы, завяршаем фарбаванне агароджаў у горадзе. У хуткім часе зноў усталюем плывучыя фантаны на гарадскім возеры па вуліцы Чырвонаармейскай, яшчэ адзін з’явіцца на Навагрудскай. Таксама рыхтуемся да запуску фантана “Версаль” у скверы на вуліцы Савецкай.

– Як добраўпарадкуецца Дзятлава і раён?

–  Прадаўжаюцца работы па стварэнні новага тратуара па вуліцы Міцкевіча ў райцэнтры, цяпер брыгада займаецца ўкладваннем тратуарнай пліткі. Дарожка будзе большай за цяперашнюю, яе шырыня складзе два метры. Па-за ёй будуць уладкаваны тры карманы для лавачак, каб дзятлаўчане і госці горада маглі адпачыць. Актуальны тратуар на гэтым адрэзку дарогі будзе дэмантаваны, на яго месцы з’явяцца газон і агароджа. Такія мерапрыемствы прадыктаваны не толькі эстэтычнай мэтай, але і павышэннем бяспекі дарожнага руху на ажыўленым участку. Пасля завяршэння работ на гэтым аб’екце прыступім да ўладкавання аўтамабільнай стаянкі за будынкам Дома быту: яна будзе мець заезд з боку вуліцы Леніна і скразны праезд на Першамайскую. Прадаўжаем нанясенне дарожнай разметкі пасля зімы ў горадзе і гарпасёлках.

Маштабныя работы па добраўпарадкаванні вядуцца і на нашых вытворчых участках. У аграгарадку Гезгалы праводзім падрэзку дрэваў вакол ліхтароў вулічнага асвятлення. У гарпасёлку Наваельня прадаўжаецца рамонт дваровай тэрыторыі каля дамоў № 8 і 8А па вуліцы Снітко, падрадчыкам выступае ААТ “Будкомплекс”. Тут прадугледжаны дэмантаж асфальтавага пакрыцця, стварэнне новых тратуарных дарожак, аўтамабільных стаянак, замена вулічнага асвятлення. Таксама праходзіць экспертызу праект па рамонце двара ў раёне дома № 12 па вуліцы Навагрудскай у Дзятлаве, які будзе рэалізаваны сёлета.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

Похожие публикации