24 красавіка Дзятлаўская раённая бібліятэка зламала ўсе стэрэатыпы аб цішыні ў чытальных залах. Упершыню тут прайшла «Бібліяноч» —інтэрактыўнае свята, якое ператварыла ўстанову культуры ў магічны партал паміж мінулым і сучаснасцю. Ужо на ўваходзе наведвальнікаў чакаў сюрпрыз. Замест звыклага вестыбюля гасцей сустракала рэтра-лаўка «1000 дробязяў». Старажытныя чамаданы, падсвечнікі, кнігі стваралі атмасферу таямнічага Хранілішча. Кожны госць атрымліваў асаблівы атрыбут — папяровы гадзіннік на руку, які станавіўся пропускам у свет, дзе час не мае ўлады.

Праграма ночы была настолькі насычанай, што кожны мог знайсці занятак па душы. У «Дэтэктыўным агенцтве» панурылася ў працы вопытная Міс Марпл. Разам з ёй юныя і дарослыя сышчыкі шукалі доказы, схаваныя паміж кніжных старонак, і разгадвалі шыфры, пакінутыя выдатнымі беларускімі асветніцамі.
Сапраўдны фурор выклікаў літаратурна-музейны тэатр. Гледачы сталі сведкамі «Дыялогу праз час», у якім ажывалі не толькі героі кніг, але і музейныя прадметы. Асаблівым госцем стаў высакародны рыцар Айвенго. Разам са сваёй дамай сэрца ён нагадаў прысутным аб каштоўнасці мужнасці і гонару, ператварыўшы залу ў сярэднявечны замак.
Для тых, хто жадаў пакінуць свой след у гісторыі, працавала майстэрня «Сакрэты пісьма». Тут, адклаўшы ў бок шарыкавыя ручкі і гаджэты, наведвальнікі асвойвалі мастацтва каліграфіі. Скрып сапраўдных пёраў па паперы і водар чарнілаў стваралі адчуванне далучанасці да працы старажытных летапісцаў.







А самай душэўнай лакацыяй стала «Казачная святліца». Бабуля-казачніца і яе магічны куфар вярнулі гасцей у свет дзяцінства. Праз гульню «Адгадай артэфакт» удзельнікі пазнавалі рэчы любімых казачных герояў, напаўняючы прастору шчырым смехам і ўспамінамі.
Першая «Бібліяноч» у Дзятлаве паказала: бібліятэка — гэта не толькі стэлажы з кнігамі, гэта сучасны культурны цэнтр, здольны здзіўляць і аб’ядноўваць пакаленні. Сустрэча скончылася, але водгукі наведвальнікаў сведчаць аб адным: кніжная магія павінна вярнуцца зноў.
Памяць аб гэтай ночы застанецца ў фотаздымках, рукапісных світках і, галоўнае, у жаданні часцей адкрываць дзверы бібліятэкі, дзе кожная кніга чакае сваёй гадзіны, каб расказаць новую гісторыю.
Марына БОРТКА,
бібліятэкар І катэгорыі аддзела маркетынгу і сацыякультурнай дзейнасці
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga