Цудоўныя словы, сказаныя ў адным з вершаў нашым земляком, паэтам Віктарам Шымуком. Яны пра кожнага, чыя душа свеціцца, радуецца новаму дню, творыць на карысць людзям. Такі чалавек жыве ў аграгарадку Дварэц – гэта Алег Бяляк.
З ім давялося пазнаёміцца нядаўна дзякуючы мастаку Васілю Бортніку, бо хлопец – яго пляменнік. Васіль Міхайлавіч расказаў, што ў Алега нялёгкі лёс, ён з дзяцінства хварэе на ДЦП, але не здаецца, піша вершы і музыку, вядзе актыўнае жыццё – і захацелася сустрэцца, паразмаўляць. Падумалася: такі незвычайны чалавек, а пра яго нічога не ведаю.
Калі паехалі з Генадзем Сураўцом па справах Савета ветэранаў у Дварэц, завіталі да Белякоў. І былі прыемна здзіўлены абое, бо трапілі не да хворага, а да поўнага энергіі, жыццялюбства, сілы волі і творчых ідэй чалавека. Ён ідзе па жыцці з радасцю, з удзячнасцю людзям, якія яго падтрымліваюць, творыць прыгажость і дзеліцца ёю з усімі намі.
Сама ў першую чаргу ўбачыла ў Алегу родную душу – паэт паэта заўсёды адчуе. Слухала вершы Алега і думала: сапраўдная паэзія, меладычная, вобразная, поўная душэўных парываў, цеплыні да людзей і жыцця. Вершы хлопец піша на розныя тэмы: пра вайну, пра Беларусь і Расію, пра каханне і прыроду. Яго хвалюе многае, але, як мужчына, аддае перавагу ваеннай тэматыцы. І той далёкай вайне 1941-1945 гадоў, і вайне, якая сёння ідзе на тэрыторыі славянскіх земляў, на якой гінуць маладыя, дужыя хлопцы. Боль і скруха чуюцца ў радках паэта, і гэты боль перадаецца нам, слухачам. Здавалася б, чалавек не філолаг, нідзе не вучыўся прыгожаму майстэрству вершаскладання, а так кранальна можа перадаць у сваіх радках пачуцці чалавечыя. Прытым прафесійна.

Паэзію Алега ведаюць далёка за межамі Беларусі, ён друкуецца ў сацыяльных сетках, сябруе з расійскімі і беларускімі паэтамі і кампазітарамі. І сам добра спявае, стварае музыку. Музычнай прамудрасці таксама нідзе не вучыўся. Нахлыне мелодыя – звяртаецца да Аляксандра Баклушына, музычнага кіраўніка Дварэцкага дома культуры, напявае яму, а той падбірае акорды. Так і песня нараджаецца. А то, бывае, і да штучнага інтэлекту звернецца па дапамогу ў напісанні музыкі. І гуляюць песні Алега Беляка па прасторах інтэрнэту, радуюць і натхняюць людзей, якія, магчыма, страцілі надзею, расчараваліся ў жыцці.
Генадзю Сураўцу, як вядомаму дзятлаўчанам спеваку, спадабаліся і вершы, і песні Алега. Асабліва адна, прысвечаная Дню Перамогі. І Генадзь Тадэвушавіч захацеў падрыхтаваць яе да бліжэйшага майскага свята, бо надта ўжо песня шчырая, пранікнёная, да самага сэрца дастае. Ды прытым напісаная земляком, чалавекам, што жыве побач з намі.
Алег Бяляк наведвае Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, аддзяленне па рабоце з інвалідамі, актыўна ўдзельнічае ў разнастайных мерапрыемствах, абараняе гонар свайго аддзялення на розных форумах, у тым ліку і на Славянскім базары ў Віцебску, дзе выступаў некалькі гадоў запар і атрымліваў дыпломы. Між іншым, дыпломаў у ягошмат, ёсць і міжнародныя. З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю Алег расказвае пра дапамогу Святланы Мазырка, настаўніцы музыкі, якая многіх дзятлаўчан натхніла на творчасць, і Марыны Гуговіч, дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Без іх, лічыць хлопец, такіх вышынь наўрад ці дасягнуў бы.
– Алег – вельмі дружалюбны і шчыры малады чалавек, – расказвае Валянціна Саламевіч, інструктар па працатэрапіі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. – З ім цікава пагаварыць, ён шмат чытае, шмат ведае, з радасцю дзеліцца інфармацыяй з намі. Спявае, чытае вершы на нашых мерапрыемствах. З ім цікава праводзіць час і нам, работнікам аддзялення, і наведвальнікам.
Падчас размовы з Алегам, даведаўшыся, як шмат у яго вершаў, прапанавалі выдаць зборнік. Так вершы трапяць у бібліятэкі, іх будуць чытаць і землякі, і ўсе, хто цікавіцца паэзіяй. Ды і самому прыемна патрымаць у руках уласную кнігу. Алег згадзіўся.
Едучы ў Дзятлава, абмяркоўвалі з Генадзем Тадэвушавічам убачанае і пачутае, прыйшлі да высновы, што Алег Бяляк павінен абавязкова спяваць для землякоў, са сцэны Дзятлаўскага цэнтра культуры. І пра яго павінны ведаць ўсе дзятлаўчане. Бо хлопец не толькі прыклад для многіх, але і наш гонар. Душа ж у яго свеціцца, як сонечны праменьчык.
Алена АБРАМЧЫК,
старшыня Савета ветэранаў педагагічных работнікаў Дзятлаўскага раёна
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga