Тэма
З надыходам цёплага сезона актуальнай становіцца праблема крадзяжоў веласіпедаў.
Праблема
Веласіпеды каштуюць дорага, аднак уладальнікі даволі часта абыякава адносяцца да іх захоўвання.
Слова спецыяліста
Ірына Яновіч, старшы следчы раённага аддзела следчага камітэта:
– Адна з прычын падобных злачынстваў – абыякавыя адносіны людзей да сваёй маёмасці. Нярэдка мы сустракаемся з выпадкамі, калі дарагі веласіпед гаспадар пакідае без нагляду або прышпіляе яго ненадзейным замком. Абыякавасцю і халатнасцю карыстаюцца зламыснікі. Упушчэннем гаспадароў з’яўляецца і тое, што яны не захоўваюць пашпарт веласіпеда, адпаведна не могуць паведаміць звесткі аб нумары рамы, што змяншае шанцы на вяртанне скрадзенага транспартнага сродка. Дакументы, атрыманыя пры пакупцы веласіпеда, трэба абавязкова захоўваць. Калі ж яны былі страчаны па якой-небудзь прычыне, перад паездкамі сфатаграфуйце серыйны нумар рамы (як правіла, ён выбіты на ёй знізу на карэтачным вузле). Зрабіце таксама фотаздымкі самога веласіпеда, запомніце яго асаблівыя прыкметы (аксесуары, наклейкі, драпіны, іншыя). Гэта вельмі дапаможа пры пошуках, калі здарыцца крадзеж.
Варта ведаць
Захаваць веласіпед ад злодзеяў дапамогуць простыя правілы:
- не пакідайце яго ў месцах масавага знаходжання людзей або ў ціхіх скверах без выкарыстання замка;
- калі ідзяце ў магазін, а прышпіліць веласіпед няма магчымасці, то пастаўце яго пад камерамі відэаназірання;
- паспрабуйце зрабіць свой двухколавы транспартны сродак як мага больш яркім і адметным – такі кідаецца ў вочы і яго лёгка пазнаць;
- не пакідайце веласіпеды на лесвічных пляцоўках, у пад’ездах, там яны становяцца простай здабычай для зламыснікаў.
Памятайце
Калі крадзяжу пазбегнуць не ўдалося, неадкладна паведамляйце аб здарэнні ў праваахоўныя органы. Раскажыце поўную інфармацыю: марку, нумар рамы, прадастаўце, калі ёсць, фотаздымкі, апішыце няспраўнасці.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga