На Дзятлаўшчыне прадаўжаецца месячнік па навядзенні парадку на зямлі, да якога далучыліся не толькі работнікі працоўных калектываў, але і моладзь раёна.

З пачатку тыдня на вуліцах горада працуюць удзельнікі студатрада, якія ў час школьных канікулаў аказваюць дапамогу Дзятлаўскаму РУП ЖКГ у прыбіранні грамадскіх месцаў і тэрыторый.




Студатрадаўцы расказалі, як ім працуецца.
Мацвей Крышталь:

– Мы падмятаем, прыбіраем смецце, каб горад быў чысты. Ужо папрацавалі на цэнтры, каля магазіна “Санта Кэш”, у гарадскім скверы. У нашай брыгадзе разам навучэнцы ўсіх трох школ горада Дзятлава, разам з намі нашы настаўнікі. Работа падабаецца: яна вясёлая, нескладаная і на свежым паветры. Па заканчэнні атрымаем заробак і запіс у працоўнай кніжцы.
Данііл Лябецкі:

– Я ўпершыню ў студатрадзе і рады, што з’явілася магчымасць зарабіць свае першыя грошы. Работа актыўная, таму сумаваць не прыходзіцца. Працуем па чатыры гадзіны кожны дзень, застаецца яшчэ шмат часу на адпачынак на канікулах. Я люблю свой горад, часта баўлю час на яго вуліцах, у дварах і парках. Прыемна, што ёсць магчымасць зрабіць карысную справу для сваёй малой радзімы.
Побач са школьнікамі – кіраўнік работ, настаўніца замежнай мовы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы Кацярына Губко. Яна лічыць, што студатрад – выдатны спосаб праводзіць канікулы з карысцю.

– Я сама не так даўно была падлеткам, ведаю, як хочацца мець грошы на кішэнныя расходы. І вельмі прыемна не толькі зарабіць іх сваёй працай, але і дапамагчы роднаму гораду стаць яшчэ больш чыстым і прыгожым. Я бачу, як дзеці старанна працуюць, знаёмяцца паміж сабой, сябруюць, што таксама карысна для станаўлення кожнага з іх як асобы.


Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае