Напярэдадні 8 Сакавіка ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адбылася святочная ўрачыстасць.
Удзел у мерапрыемстве прыняў старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі. Дырэктар цэнтра Таццяна Нікіпорчык запрасіла кіраўніка раёна наведаць абноўленыя кабінеты, падзякавала за матэрыяльную падтрымку, падзялілася новымі задумкамі і планамі.



Са словамі віншавання ён звярнуўся да прысутных:

– Дарагія нашы жанчыны, напэўна, гэта самае любімае вясенняе свята – 8 Сакавіка. Наша сустрэча сёння тут невыпадковая – сярод калектыву, дзе 99, 9 % працуюць жанчыны, тым больш у такі знакавы год. Як сказаў наш Прэзідэнт у навагоднім выступленні, без кахання да жанчыны не бывае сапраўднага кахання, і гэта сапраўды так. Хочацца выказаць словы ўдзячнасці за вашу працу, на вас прыродай ускладзена вялікая місія, найцяжэйшая, але, паверце, і самая ўдзячная: нараджэнне і выхаванне дзяцей. Прафесія ваша таксама няпростая, бо прыходзіцца працаваць з рознымі людзьмі, праз вашы вочы і сэрцы праходзіць многа розных чалавечых лёсаў. Хачу пажадаць усім моцнага здароўя, дастатку, цярпення, удачы, каб з вамі ў жыцці побач заўсёды былі дастойныя мужчыны – ваш тыл , падтрымка ў любой справе. Вы самыя лепшыя, і менавіта вы ўпрыгожваеце гэты свет. Заставайцеся такімі ж пазітыўнымі, жыццярадаснымі. Са святам вас!





Андрэй Уладзіміравіч уручыў пашпарты на новыя веласіпеды пяці сацыяльным работніцам цэнтра. Зразумела, яны дапамогуць скараціць час на дарогу, адпаведна павялічаць яго на вырашэнне рабочых спраў, ды і аблегчаць працу.
Таксама Андрэй Садоўскі падзякаваў за працу і ўручыў падарункі дырэктару цэнтра Таццяне Нікіпорчык і начальніку ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, старшыні раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Алене Васкель, а таксама кветкі да свята ўсім жанчынам у зале.











Святочны настрой дарылі прысутным сваімі музычнымі віншаваннямі работнікі Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў.








Таццяна САНЮК
Фота Наталлі АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga