У Свіслачы адбыўся першы абласны фестываль “Кніга і час”. Фестываль пачаўся з навукова-краязнаўчай канферэнцыі “Шлях беларускага друкаванага слова ў Свіслацкім краі”, дзе выступілі гісторыкі, краязнаўцы і бібліятэкары са сваімі дакладамі, прысвечанымі гісторыі беларускай кнігі. Канферэнцыю адкрыў старшыня Свіслацкага райвыканкама Уладзімір Анішчык, які адзначыў, што для Свіслацкага раёна гонар прымаць такі фестываль, які аб’ядноўвае чытачоў, пісьменнікаў і бібліятэкі.
На працягу фестывальнага дня працавалі бібліятэчныя пляцоўкі, якія арганізавалі бібліятэкі Гродзеншчыны. Дзятлаўская раённая бібліятэка была прадстаўлена бібліятэчнай пляцоўкай “Ад хаты-чытальні да сучаснай бібліятэкі”. Прысутныя змаглі акунуцца ў атмасферу мінулага, пазнаёміцца з экспанатамі хаты-чытальні, маленькія наведвальнікі весела правялі час на дзіцячай пляцоўцы, пазнаёміліся з цікавымі сучаснымі дзіцячымі кніжкамі, паўдзельнічалі ў вясёлых конкурсах, бяспройгрышнай жартоўнай латарэі, зрабілі фота з казачнымі героямі.
Аддзел бібліятэчнага маркетынгу Дзятлаўскай раённай бібліятэкі