У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі 24 навучэнцы другога класа сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы былі прыняты ў акцябраты і рады Беларускай рэспубліканскай піянерскай арганізацыі.


Урачыстая цырымонія прайшла з удзелам дырэктара музея Веранікі Паўлоўскай і ветэрана моладзевага руху раёна Валянціны Ерамейчык пад кіраўніцтвам старшыні раённага савета ГА “БРПА” Ірыны Мішчанкі.


– Быць акцябратамі – значыць, не проста насіць значкі, а кожны дзень даказваць сваімі справамі, што дастойныя такога звання: быць сумленнымі, справядлівымі, старанна вучыцца, прыходзіць на дапамогу тым, хто мае патрэбу. На гэтым шляху наш музей будзе вам верным памочнікам: тут вы навучыцеся цаніць родную гісторыю, знойдзеце натхненне для карысных спраў, зразумееце, як важна самім быць часткай гісторыі Айчыны, – звярнулася да школьнікаў Вераніка Паўлоўская.

Аб сімволіцы ГА “БРПА” і талісмане піянерыі – Вогніку – навучэнцам нагадала Ірына Мішчанка. Яна праверыла, як дзеці ведаюць правілы акцябрат, а затым перад Кнігай Славы Дзятлаўскага раёна будучыя акцябраты далі ўрачыстае абяцанне.







– У вас шчаслівае дзяцінства, таму заўжды памятайце свае карані, маленькую радзіму – Дзятлаўшчыну і вялікую – нашу прыгожую, маладую, квітнеючую Беларусь, будзьце дастойнымі іх, – павіншавала школьнікаў пасля цырымоніі ўручэння значкоў Валянціна Ерамейчык. – Старайцеся заўжды заставацца добрымі, адважнымі, працавітымі, дапамагайце людзям. Няхай усе вашы мары збудуцца, станьце дастойнымі школы, бацькоў, краіны. Ганарыцеся тым, што вы дзятлаўчане. У добры шлях, у краіну акцябрат!
З пажаданнямі ўдачы, поспехаў і дасягненняў далучыліся і іншыя дарослыя.

Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае