Сярод работнікаў Дзятлаўшчыны, імёны якіх сёлета занесены на раённую Дошку гонару, не толькі кіраўнікі арганізацый, але і простыя працаўнікі нашага раёна. Іх сумленная работа была заўважана і ўшанавана, хаця самі яны як, напрыклад, трактарыст ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” Ігар Каўрыга, на пытанне аб дасягненнях, могуць адказаць сціпла і коратка: “Проста працую, як і іншыя”.
Разам з тым, сціпласць справе не перашкаджае, асабліва калі за плячыма амаль чатыры дзесяцігоддзі прафесійнага вопыту. За гэты час Ігар Славаміравіч не толькі паспеў папрацаваць на розных участках і відах тэхнікі ад бензінавага пагрузчыка да энерганасычанага “Джон Дзіра”, але і можа самастойна рамантаваць сваіх “жалезных коней”, адным словам – з тэхнікай ён на “ты”.
Безумоўна, такое майстэрства і адносіны да справы не засталіся незаўважанымі ў кіраўніцтва завода, якое і прапанавала кандыдатуру Ігара Каўрыгі для занясення на раённую Дошку гонару.
Нарадзіўся будучы трактарыст у 1964 годзе на Міншчыне ў вёсцы Бортнікі Маладзечанскага раёна. Пасля заканчэння дзесяцігодкі, перш чым быць прызваным на тэрміновую вайсковую службу, юнак сезон адпрацаваў памочнікам камбайнера ў мясцовым саўгасе “Дубрава” і ўжо тады зацікавіўся сельскай справай.
Армейская служба Ігара Каўрыгі праходзіла ў яшчэ савецкай Кіргізіі. Пасля вяртання на малую радзіму некаторы час ён прысвяціў будаўнічай прафесіі, затым па сямейных абставінах пераехаў жыць на Слонімшчыну, дзе скончыў курсы механізатараў. Атрыманыя прафесійныя навыкі ўдасканальваў у калгасе імя Леніна, дзе працаваў трактарыстам.
На Слонімшчыне малады работнік пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Галінай Валянцінаўнай, і ў сярэдзіне 90-х сям’я пераехала на Дзятлаўшчыну – малую радзіму жанчыны.
Ігар Славаміравіч вырашыў, што і тут хоча прадоўжыць работу на зямлі, а таму ўладкаваўся механізатарам у тагачасны калгас “Слава працы”. Калі паўстала пытанне аб рэарганізацыі гаспадаркі, трактарысту давялося перакваліфікавацца ў рабочыя і некалькі гадоў адпрацаваць на прадпрыемстве прыватнай формы ўласнасці. У 2010 годзе з’явілася магчымасць уладкавацца на адно з буйнейшых прадпрыемстваў нашага раёна – ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”. Ёю Ігар Славаміравіч скарыстаўся з задавальненнем, хаця спачатку быў грузчыкам, а ўжо больш за дзясятак гадоў ён зноў працуе трактарыстам. На сваім МТЗ-80 мужчына спраўляецца з самымі рознымі гаспадарчымі работамі, якія неабходна выканаць на заводзе. Калі ёсць у гэтым патрэба, садзіцца і на “кару” – бензінавы аўтапагрузчык. Работу сваю любіць, падабаецца яму і калектыў.

– А як жа інакш, столькі гадоў на прадпрыемстве, тут усе знаёмыя, сябры, ужо даўно майстрам на лініі разліву працуе і жонка, – прызнаецца работнік.
Справу сваю Ігар Каўрыга лічыць складанай і вельмі запатрабаванай, бо механізатары і трактарысты патрэбны як усельскай гаспадарцы, так і ў будаўнічых арганізацыях, на іншых участках. Тэхніка з кожным годам становіцца ўсё больш складанай, энерганасычанай, таму спецыялістам на працягу жыцця даводзіцца асвойваць яе адразу ў час вытворчага працэсу. Тым не менш, прафесія гэта, хутчэй за ўсё, не выйдзе з моды, бо зямлі і прадпрыемствам неабходны падобныя работнікі.
Свой вольны час Ігар Славаміравіч і цяпер прысвячае зямлі: летам на дачы разам з жонкай яны садзяць агарод, вырошчваюць багатыя ўраджаі.
Мары і жаданні ў мужчыны таксама простыя і сціплыя, аднак блізкія і іншым беларусам:
– Каб здаровымі былі родныя, у любімай краіне панавалі мір і стабільнасць, а астатняе “напрацуецца”.
На будучае Ігар Каўрыга стараецца не загадваць, аднак расказаў, што на другім курсе ў Мінску на тэхнолага харчовай вытворчасці вучыцца дачка. Калі лёс складзецца спрыяльна і ў дзяўчыны будзе такое жаданне, то яна таксама можа прыехаць працаваць на ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь” – спецыяльнасць дазваляе. У такім выпадку можна будзе весці гаворку ўжо пра сямейную дынастыю.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае