12 снежня адначасова з усёй Гродзенскай вобласцю на Дзятлаўшчыне запалілася навагодняя ілюмінацыя і агні на галоўнай гераіні надыходзячых святаў – упрыгожанай ёлцы, якая размясцілася на плошчы 17 Верасня ў райцэнтры.



Яркаму святу для дзятлаўчан папярэднічаў святочны парад. Ва ўрачыстай калоне на чале з сімвалам надыходзячага года ў суправаджэнні юных дзятлаўчан, разам з Дзядамі Марозамі, Снягурачкамі і іншымі абаяльнымі казачнымі персанажамі, трубачамі Новаяльнянскага аркестра рухаліся 14 па-святочнаму ўпрыгожаныя аўтамабілі з арганізацый Дзятлаўшчыны, якія спаборнічалі ў раённым конкурсе-аўтапарадзе “Насустрач Новаму году”.

Лепшых з лепшых выбірала кампетэнтнае журы на чале са старшынёй райвыканкама Андрэем Садоўскім.






























На плошчы 17 Верасня было надзвычай людна, у госці да дзятлаўчан завіталі казачныя персанажы, артысты і гаспадары свята – Дзед Мароз і Снягурачка. Дарослыя і дзеці весяліліся, спявалі разам са знакамітымі артыстамі нашага раёна, вадзілі карагоды і нават верылі ў цуды. Для ўсіх аматараў прысмакаў і цікавых цацак працавалі гандлёвыя кропкі.































































Кульмінацыяй вечара стала запальванне прыгажуні Новага года – святочнай ёлкі. Гэту місію са “стралы” пажарнага аўтамабіля выканаў Дзед Мароз-ратаўнік – старшы інструктар-ратаўнік ПАВЧ № 1 Дзятлаўскага РАНС Сяргей Лях. Не абышлося і без дружных карагодаў.









На галоўнай святочнай сцэне прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў аўтапараду тэхнікі. Першае месца заняў калектыў СГФ “АграМілк”, другое – ААТ “Новаяльнянскі КХП”, трэцяе – Дзятлаўскае РУП ЖКГ. Усе яны атрымалі прыемныя падарункі ад аргкамітэта мерапрыемства.





Уражаннямі ад свята і цёплымі пажаданнямі падзяліліся Дзяды Марозы і Снягурачкі навучальных і працоўных калектываў Дзятлаўшчыны.
Вераніка Няволіна, Круцілавіцкая базавая школа:

– Вельмі рада, што сёлета таксама стала ўдзельніцай святочнага шэсця, якое калектыў нашай школы чакаў цэлы год. Сёння я ў ролі Снягурачкі, разам са мной мае калегі – Дзед Мароз і казачны Эльф і іншыя навагоднія персанажы. Вельмі прыемна было прайсці па вуліцах Дзятлава, якія ззяюць навагоднімі агнямі, з заміраннем сэрца рабіла адлік да запальвання ёлкі, перажывала яркія эмоцыі, як у дзяцінстве. Усе мы ганарымся, што наша маленькая каманды стала часцінкай вялікага раённага свята, якое дае старт пераднавагоднім мерапрыемствам. Усім дзятлаўчанам жадаю дабра, удачы, здароўя і ўсяго самага найлепшага.
Аляксандр Клімец, Новаяльнянскі камбінат хлебапрадуктаў:

– Не першы раз удзельнічаем у раённых навагодніх шэсцях, аднак упершыню далучыліся да конкурсу навагодняй тэхнікі. Мы падрыхтавалі і ўпрыгожылі агнямі рабочы грузавы аўтамабіль, спадзяёмся, журы ацэніць нашы старанні. Дзятлаўчанам хачу нагадаць: да Новага года засталося няшмат часу, таму лавіце кожнае імгненне навагодніх цудаў.
Валерый Макарчык, Дзятлаўская ЦРБ:

– Шчыра віншую ўсіх з надыходзячым Новым годам і Калядамі. Сёння мы ўдзельнічаем у навагоднім парадзе вялікай кампаніяй: у нас адразу дзве пары Дзядоў Марозай і Снягурачак – у святочнай калоне і за рулём аўтамабіля хуткай дапамогі, які на адзін дзень таксама “апрануўся” ў агні. Разам з намі калегі ў вобразам казачных герояў са сваімі дзецьмі. З задавальненнем удзельнічаем у такім цікавым штогадовым мерапрыемстве. Усім землякам жадаю ў надыходзячым годзе не страціць усё тое каштоўнае, што маюць у гэтым, шчасця, дабрабыту, утульнасці і абавязкова моцнага здароўя, каб наведвалі нашу ўстанову толькі ў час прафілактычных аглядаў.

Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае