З 15 снежня па 14 студзеня ў Беларусі будзе праходзіць дабрачынная рэспубліканская навагодняя акцыя “Нашы дзеці”.
За гады існавання яна ператварылася ў сапраўдны марафон дабра, што праходзіць пад патранатам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, які стаяў ля вытокаў зараджэння гэтай выдатнай беларускай традыцыі.
Чаго сёлета чакаць юным дзятлаўчанам, расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Марына Лашкоўская:

– У рамках акцыі “Нашы дзеці” запланавана выкарыстанне бюджэтных сродкаў на суму 40 000 рублёў. Яны будуць накіраваны на набыццё салодкіх падарункаў для дзяцей-сірот і тых, якія засталіся без апекі бацькоў (усяго іх у раёне 34 чалавекі), а таксама хлопчыкаў і дзяўчынак, якія знаходзяцца ў прытулку сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава (8), дзяцей з інваліднасцю (103), адораных навучэнцаў (80), вучняў 1-4 класаў установаў агульнай сярэдняй адукацыі (705).
Прыемна, калі і дарослыя скіроўваюць свае намаганні на добрыя мэты. Радуе, што да акцыі “Нашы дзеці” штогод далучаецца ўсё больш нераўнадушных дзятлаўчан, актыўны ўдзел у ёй прымаюць грамадскія аб’яднанні, адгукваюцца многія прадпрыемствы і арганізацыі ўсіх формаў уласнасці, і раз за разам сума сабраных сродкаў павялічваецца.
– Якія сюрпрызы для дзяцей запланаваны?
– З удзелам кіраўніцтва раёна будуць ладзіцца дабрачынныя сустрэчы з выхаванцамі дзіцячага дома сямейнага тыпу, сацыяльнага прытулка, Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
Па добрай традыцыі актыўны ўдзел у акцыі прымуць грамадскія арганізацыі “Беларускі дзіцячы фонд”, “Белая Русь”, “БРСМ”, “Фонд міру”, “Беларускі саюз жанчын”, Таварыства Чырвонага Крыжа, саюз ветэранаў, іншыя. Паўдзельнічаць і аказаць шэфскую дапамогу прапанавана і прадпрыемствам, арганізацыям, гаспадаркам, якія знаходзяцца на тэрыторыі раёна.
Урачыстае адкрыццё акцыі з удзелам раённага кіраўніцтва прызначана на 15 снежня і пройдзе ў 14 гадзін у сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. На ўрачыстасць запрошаны адораныя навучэнцы 9-11 класаў усяго 80 чалавек.
29 снежня ў 11 гадзін у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбудзецца раённае навагодняе дабрачыннае свята для адораных дзяцей, дзяцей-інвалідаў, дзяцей-сірот, дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў прыёмных і апякунскіх сем’ях, дзіцячым доме сямейнага тыпу, сацыяльным прытулку, дзяцей са шматдзетных і малазабяспечаных сем’яў, сем’яў вайскоўцаў, непаўналетніх, якія пацярпелі ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і жывуць у нашым раёне. Мяркуецца, што свята збярэ 300 хлопчыкаў і дзяўчынак з усіх установаў адукацыі Дзятлаўшчыны.
У перыяд канікулаў дабрачынныя акцыі і прыемныя сюрпрызы рыхтуюцца для кожнага дзіцяці, ва ўсіх установах адукацыі пройдуць ранішнікі. Ніхто ў святочныя дні не застанецца без увагі і памятных падарункаў, бо падтрымка і клопат – галоўныя рэсурсы, дзяліцца якімі можа і павінен кожны чалавек.
– Ці будуць у гэты перыяд арганізоўвацца прыемныя падарожжы?
– На рэспубліканскае дабрачыннае навагодняе свята для дзяцей з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі паедуць тры навучэнцы з Дзятлаўшчыны. Урачыстасць адбудзецца 29 снежня ў Палацы Рэспублікі.
23 снежня ў Гродзенскай абласной філармоніі пройдзе абласны баль, у якім прымуць удзел навучэнцы з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча. А 29 снежня ў філармоніі адбудзецца абласное дабрачыннае свята для дзяцей, на якое запрошаны дзеці-сіроты, дзеці са шматдзетных сем’яў, пераможцы алімпіяд, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў ва ўзросце 8-14 гадоў. Наш раён прадставяць 15 навучэнцаў.
З улікам значнасці акцый “Нашы дзеці” і “Ад усёй душы” рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама за ўсімі ўстановамі адукацыі замацаваны прадпрыемствы і арганізацыі для аказання шэфскай дапамогі.
– Зіма пакуль не радуе снегам, як наконт святочнай атмасферы?
– Для яе стварэння і развіцця творчага патэнцыялу непаўналетніх аддзел адукацыі арганізаваў раённы агляд-конкурс на лепшае афармленне ўстановаў адукацыі і прылеглых да іх тэрыторый “Навагодні фармат-2026”. Конкурс уключае некалькі намінацый, у кожнай з якіх прадугледжаны па тры прызавыя месцы. Пераможцаў чакаюць дыпломы і падарункі. Упэўнена, што менавіта разам мы ствараем святочную атмасферу, з надзеяй глядзім у 2026 год і верым, што ён прынясе радасць, поспех і перамогу ў запланаваных справах. Няхай вера ў лепшае, добрае, казачнае застаецца з намі і матывуе на новыя перамогі.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае