У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ў Міжнародны дзень памяці ахвяраў злачынстваў генацыду прайшло тэматычнае мерапрыемства, у час якога дзятлаўчане пагаварылі пра тое, што мы не павінны забываць падзеі Вялікай Айчыннай вайны, неабходна шанаваць нашу гісторыю, перадаваць яе з пакалення ў пакаленне.

– 9 снежня 1948 года была прынята Канвенцыя аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго, – узгадала вядучая Вольга Цюшляева. – Вялікая Айчынная вайна стала цяжкім выпрабаваннем для нашай краіны. У гэты час стаць ахвярай генацыду можна было па розных матывах, для масавага зняволення і фізічнага знішчэння людзей ствараліся канцэнтрацыйныя лагеры. У Беларусі іх дзейнічала больш за 260. На тэрыторыі Дзятлаўскага раёна таксама былі створаны лагеры смерці – гета, многія вёскі былі спалены, а жыхары – расстраляны.

Больш падрабязна на гэтых трагічных старонках нашай гісторыі спыніўся навуковы супрацоўнік музея Станіслаў Балабанскі.

Пракурор Дзятлаўскага раёна Віталій Юрго расказаў пра ход расследавання справы аб генацыдзе беларускага народа ў краіне і на Дзятлаўшчыне.

– Генацыд не мае тэрміну даўнасці, таму неабходна, каб сёння дзеці памяталі пра цяжкае, але гераічнае мінулае нашага народа. Гэта будзе як гарантыя існавання нашай краіны ў будучым, – дадаў Віталій Станіслававіч. 

Захаванню гістарычнай памяці вялікая ўвага надаецца бібліятэкамі Дзятлаўскага раёна. Сёлета яны ажыццяўлялі анлайн-праект “Адгалоскі мінулай вайны”. Увазе прысутных быў прадстаўлены для прагляду адзін з рэпартажаў супрацоўнікаў бібліятэкі пра малалетнюю вязніцу Галіну Сліжэўскую.

Дырэктар музея Вераніка Паўлоўская запрасіла завяршыць сённяшнюю гадзіну памяці ўскладаннем кветак да памятнага знака “Дзеці ліхалецця”.

Святлана ГРЫШЫНА

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации