8 снежня стартавала і прадоўжыцца да 19 студзеня 2026 года дабрачынная акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Ланцужок дабра”.
Як расказала першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, акцыя скіравана на арганізацыю адраснай валанцёрскай дапамогі адзінокім пажылым людзям і тым, якія жывуць адзінока. Ідэя мерапрыемства – сфарміраваць жывы і паслядоўны ланцужок дапамогі і клопату, дзе моладзь стане арганізатарам навагодняй радасці для тых, каму патрэбна ўвага. Кожны падарунак і віншаванне будзе звяном, што аб’ядноўвае пакаленні.
Прыняць удзел у акцыі запрашаюць навучэнцаў 9-11-х класаў, членаў валанцёрскіх атрадаў ГА “БРСМ” “Добрае Сэрца”.
Раённы камітэт сумесна з Цэнтрам сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна арганізуе работу па выяўленні патэнцыяльных адрасатаў акцыі, вызначыць маршруты наведвання. Запланавана і работа творчых майстэрняў па стварэнні сімвалічных падарункаў, паралельна ва ўстановах адукацыі будуць арганізаваны “цёплыя куткі” для збору падарункаў для адзінокіх пажылых людзей з улікам іх узросту і патрэбаў.
З 22 снежня пачнуцца “візіты дабра” – адраснае наведванне такіх жыхароў раёна з уручэннем ім падарункаў, аказаннем пасільнай бытавой і іншай дапамогі.
Важны складнік акцыі – інфармацыйная кампанія. Камандзіры валанцёрскіх атрадаў на ўсіх яе этапах будуць ствараць кантэнт для публікацыі на афіцыйных старонках БРСМ у сацыяльных сетках. Гэта будуць не проста справаздачы аб праведзенай рабоце, а спосаб далучыць да актыўнай дабрачыннай дзейнасці як мага больш людзей нашага раёна.
Ірына СТЫРНІК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga