3 снежня ў Беларусі адзначаецца Дзень інвалідаў, калі ўвага грамадскасці скіравана на людзей, аслабленых фізічна, але моцных духам, нярэдка творчых, натхнёных, якія, нягледзячы на хваробы і цяжкасці, стараюцца жыць паўнавартасным жыццём.

Напярэдадні гэтай даты паразмаўлялі з сацыяльным работнікам аддзялення сацыяльнай рэабілітацыі і абілітацыі інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, лабарантам гімназіі № 1 горада Дзятлава Інай Юганавай.

Кіраўнік аддзялення Алена Гуль ахарактарызавала Іну Валяр’янаўну як адказнага, надзейнага, творчага чалавека і зазначыла, што поспехаў пад яе кіраўніцтвам дасягаюць удзельнікі танцавальнага гуртка “Гармонія” і вакальнага “Натхненне”. Спецыяліст умее адкрыць таленты ў асаблівых гурткоўцаў і прывесці іх да выніковых выступленняў на фестывалях і конкурсах.

– Творчасць – рыса, якая дасталася мне ў спадчыну ад бабулі, матулі, таты, яе я развіваю на працягу жыцця. Акрамя харэаграфіі і вакала, люблю рукадзелле, займаюся вышыўкай карцін са стразаў, ствараю букеты з атласных стужак, новыя ідэі чэрпаю ў інтэрнэце. У аддзяленні нярэдка выкарыстоўваю свае ўменні для афармлення выставаў, святочных інтэр’ераў да 8 Сакавіка, Новага года, каб фотаздымкі маіх падапечных былі яркімі і запамінальнымі.

– Хто вашы “анёлы-ахоўнікі” па жыцці?

– Як ужо зазначала – члены маёй сям’і. Цяпер побач знаходзяцца любімая матуля Марыя Аляксандраўна, сястра Ганна Харлінская, якая скончыла культасветвучылішча і да нядаўняга часу працавала ў сферы культуры Дзятлаўшчыны. Разам з ёю свае сцэнічныя таленты развівала і я: у 2017-2023 гадах была ўдзельніцай народнага ансамбля “Ятранка” і толькі потым прыйшла працаваць у сацыяльную сферу.  

Мой гонар і натхненне – сын Максім, які працуе на сталічным “гіганце” МАЗ, захапляецца хакеем, нярэдка абараняе гонар прадпрыемства на творчых конкурсах і турыстычных злётах, таму звяртаецца да мяне па ідэі, а ў Дзятлава прыязджае, каб дапамагаць з гаспадарчымі пытаннямі, бо жывём у прыватным сектары.

– Калі выявіліся вашы прыродныя здольнасці?

– Яшчэ ў пачатковай школе на ўроках спеваў, тады пачала наведваць школьны хор і выступаць. Дэбют на раённай сцэне прапанавала сястра Ганна, якая запрасіла ў сумесны нумар, а ў 2017 годзе паклікала ў народны ансамбль “Ятранка”.  

– Ці былі ў жыцці перыяды, калі апускаліся рукі, што дапамагала ісці наперад?

– Ніколі не здавацца дапамагалі думкі пра блізкіх, я не магла іх падвесці, таму і змагалася з цяжкасцямі. З дзяцінства ў мяне былі праблемы з суставам, у 1998 годзе – яго замена, а ў 2017-2019 гадах захворванне прагрэсіравала, давялося перанесці аперацыі, тры гады правесці ў РНПЦ траўматалогіі і артапедыі горада Мінска. Сёння я працую, будую планы, спадзяюся на лепшае.

– Ці згодны з думкай, што кожны з нас – гаспадар свайго лёсу?

– Кожны чалавек сам піша кнігу ўласнага лёсу, і нават старонкі, якія хочацца вырваць, калі паразважаць, былі патрэбныя, каб набыць карысны вопыт.  

– Што стараецеся рабіць для іншых?

– Не магу прайсці міма, калі каму-небудзь патрэбна дапамога. Нават не задумваюся і аказваю падтрымку. Мяркую, усё таму, што чалавек з фізічнымі праблемамі, як ніхто іншы, адчувае патрэбы іншых фізічна аслабленых і інвалідаў. Работа ў аддзяленні навучыла мяне яшчэ і цярпенню, бо ў наведвальнікаў складаныя дыягназы, яны патрабуюць увагі. Нярэдка свае справы адводжу на другі план, а рабочыя вырашаю першымі. Радуе, што ў нашым калектыве складваюцца самыя цёплыя адносіны. Знаёмы мы даўно, яшчэ з тых часоў, калі я супрацоўнічала з “Праменьчыкам” як работнік культуры, і з калегамі праводзілі для асаблівых людзей розныя мерапрыемствы. З маімі падапечнымі мы не чужыя, яны таксама цікавяцца маім жыццём, сям’ёй, уважліва ставяцца да мяне.   

– Якія планы на 2026 год?

– Ствараць новы рэпертуар для маіх гурткоўцаў, укараняць у работу цікавыя ідэі. Напрыклад, цяпер мы рыхтуем да фестывалю “Калі мы разам – мы мацнейшыя”, які адбудзецца 5 снежня, танцавальна-тэатралізаваны нумар “Каралева прыгажосці” пад аднайменную песню ў выкананні Сяргея Малышчыка.

– Што параіце і чаго пажадаеце людзям, якія змагаюцца з фізічнымі хваробамі?

– Раю не заставацца ў адзіноце і прыходзіць у наша аддзяленне. Жадаю моцнага здароўя і берагчы сябе.

Ірына СТЫРНІК       

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

#нашелучшее #нашалепшае

About Author
administrator
View All Articles
Проверьте последнюю статью от этого автора!
ГрадусПлюс. Иголку в конфете едва не проглотила 10-летняя дятловчанка
Прамая тэлефонная лінія
Прыём грамадзян

Прыём грамадзян

17 декабря, 2025

Похожие публикации