У рамках акцыі “Равеснікі Перамогі” творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці наведаў жыхарку вёскі Чырвоны Бор Марыю Кучура, каб павіншаваць імянінніцу з 80-гадовым юбілеем.

Марыя Васільеўна нарадзілася ў сям’і сялян з сярэднім дастаткам. Яна была самай малодшай з чатырох дзяцей. Сям’я мела вялікую гаспадарку, і працы хапала ўсім – і бацькам, і дзецям.
У пачатковую школу дзяўчынка хадзіла за чатыры кіламетры праз лес, часам яе праводзіў бацька. Успамінаў пра школьныя гады нямнога, але вось страх лясных дарог і сустрэць дзікіх насельнікаў лесу застаўся ў памяці. Менавіта з-за гэтага Марыя не змагла скончыць пяты клас Дзямянаўскай сямігодкі. Сямікіламетровая дарога да школы для дзяўчынкі стала вялікім выпрабаваннем.

Неўзабаве сям’я пераехала з хутара ў вёску Чырвоны Бор. Мама пачала працаваць на ферме даяркай, і Марыя з сёстрамі часта хадзілі дапамагаць ёй даіць кароў. А тады гэта рабілі ўручную.
Хутка старэйшыя сёстры Ганна і Лідзія, брат Якаў абзавяліся сваімі сем’ямі і пайшлі з бацькоўскага дома, а ўсе хатнія клопаты ляглі на плечы Марыі, бо моцна захварэла мама. Калі матулі не стала, дзяўчына засталася жыць з пажылым бацькам.

Асабістае шчасце прыйшло і ў жыццё Марыі – аднойчы на танцах яна сустрэла прыгожага добрага хлопца Івана і выйшла замуж. Жанчына пайшла працаваць даяркай, нялёгка было, бо ўручную прыходзілася даіць 18 кароў, а муж быў трактарыстам.

З часам пабудавалі свой дом, у сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей – Дзіна, Алена, Іван і Леанід.
– Працавала я ўсё жыццё шмат і цяжка, – успамінае юбілярка. – Газу не было тады, усё варылася ў печы. У чатыры гадзіны раніцы бягу на ферму, затым спяшаюся дадому, каб запаліць печ ды ежы дзецям згатаваць. Іншы раз і есці няма калі – трэба бегчы на дняўную дойку. Дзеці гадавалі адзін аднаго. Нялёгкае было жыццё. А калі ў 2002 годзе не стала мужа і сына Івана, дык думала, што не перажыву. Але Бог, дзеці, унукі, праўнукі ды сяброўкі мяне падтрымліваюць у гэтым жыцці. Заўсёды мела вялікую асабістую гаспадарку: свінні, каровы, авечкі, быў свой конь. Яшчэ да 2021 года трымала карову, а цяпер у мяне тры казы. Без гаспадаркі жыць не магу. З самай раніцы, як прачнуся, памалюся, ведаю, што трэба ісці ўпраўляцца – козачкі чакаюць. Яшчэ нават езджу на ровары да аўталаўкі. Не хачу, каб пад хату пад’язджала, вельмі хочацца бачыць сваіх сябровак, папытацца аб здароўі, абмеркаваць апошнія навіны ды і свае расказаць. Жыццё ў нас цяпер вельмі размеранае. Дзякую лёсу за сваіх дзетак, унукаў, а іх у мяне шасцёра ды праўнукаў ужо пяцёра. Усім жадаю здароўя, ды каб мір быў на зямлі.

Святлана ГРЫШЫНА
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga