У Жукоўшчынскім доме культуры прайшла цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і прызёраў раённага конкурсу “Лепшы араты-2025”.

Дыпломы і грашовыя прызы ад раённага выканаўчага камітэта пераможцам і прызёрам конкурсу ўручыў старшыня камісіі – першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Віталій Шулейка.

Спецыяльнымі дыпломамі і грашовымі прызамі былі адзначаны самы малады ўдзельнік конкурсу Міхаіл Калодка (ААТ “Граніт-Агра”), самы старэйшы – Анатоль Лаўнік (КСУП “Хвінявічы”), у намінацыі “За адданасць прафесіі” – Вадзім Майсейчык (ААТ “Граніт-Агра”).

У першай групе (“Джон Дзір-8430”, “Джон Дзір-8420”, “Беларус-3522”) пераможцам стаў Сяргей Шульга (СГФ “АграМілк”), віцэ-чэмпіёнам – Юрый Варган (КСУП “Жукоўшчына”), бронзавым прызёрам – Мікалай Ганчар (ААТ “Дварэц-Агра”).

У другой групе (“Беларус-2522”,  “Беларус-3022”) першае месца заняў Павел Сухецкі (КСУП “Войневічы”), другое – Анатоль Марук (КСУП “Хвінявічы”), трэцяе – Анатоль Лаўнік.

У трэцяй групе (“Беларус-1221”, “Беларус-1523”) перамог Міхаіл Дубешка (ААТ “Граніт-Агра”), на другім месцы – Юрый Шыбаеў (ААТ “Дварэцкі льнозавод”), на трэцім – Вячаслаў Сідорчык (ААТ “Дварэцкі льнозавод”).

Таксама канкурсанты атрымалі каштоўныя падарункі ад кіраўніцтва і прафсаюзных камітэтаў сваіх сельгаспрадпрыемстваў.

Пераможцы конкурсу падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Сяргей Шульга:

– Удзельнічаю ў конкурсе “Лепшы араты” ўпершыню. Не ішоў за першым месцам, вырашыў проста паспрабаваць свае сілы і майстэрства. Перамога стала для мяне прыемным сюрпрызам. Тэхніку падрыхтаваў грунтоўна, нарэгуляваў плугі перад конкурсам, як патрэбна, стараўся выконваць работу, як і заўсёды, якасна, акуратна і паслядоўна. Сам я працую на трактары каля 15 гадоў, 12 з іх – у сельскай гаспадарцы. Займаюся сяўбой, касьбой, ворывам, таму на ўласным вопыце ведаю, што работа аратага – адна з самых адказных і складаных: як ты ўзараеш, так закультывуюць, пасеюць, унясуць угнаенні.

Павел Сухецкі:

– Раённы конкурс прафесійнага майстэрства – не новы для мяне, але заўсёды крыху не хапала для першага месца. Прыемна, што сёння ўсё атрымалася, як трэба: поле па жараб’ёўцы выпала нармальнае, крыху падвяло надвор’е, але мы ўсе справіліся, за два дні ўзараў 40 з паловай гектараў. Рады быў пабачыцца з механізатарамі іншых гаспадарак раёна, нам было што абмеркаваць. Лічу, што перамагчы дапамагло старанне і любоў да сваёй справы, а таксама моцная група падтрымкі – калегі з КСУП “Войневічы”, у тым ліку любімая жонка Вольга. З прызавых грошай абавязкова куплю для яе што-небудзь прыемнае.

Наталля АВЯРЧУК

Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga

Похожие публикации