Мы часта жадаем адзін аднаму шчасця і дабрабыту, часам не задумваючыся, што дабрабыт, утульнасць, прыгажосць у дамах і населеных пунктах не існуюць самі па сабе, а падтрымліваюцца работнікамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Працаваць у гэтай сферы няпроста, быць кіраўніком – сапраўднае майстэрства, якім авалодаў намеснік дырэктара Дзятлаўскага РУП ЖКГ Віктар Дзедуль. За высокія вынікі работы сёлета яго імя ў ліку іншых выдатных працаўнікоў Дзятлаўшчыны заняло пачэснае месца на раённай Дошцы гонару. Сам Віктар Станіслававіч не любіць ганарыцца дасягненнямі, але заўжды помніць вялікі шлях, які прывёў да іх.
Пачынаўся ён з дзяцінства, якое звязана з вёскай Марцулі на Навагрудчыне.
– Я нарадзіўся ў 1960-м годзе ў Савецкім Саюзе, як раней пісалі ў анкеце, у рабоча-сялянскай сям’і. Як і ўсе дзеці таго часу, дапамагаў бацькам працаваць і бавіў самае цудоўнае дзяцінства без гаджэтаў, але з сябрамі, спортам, рэчкай і прыгодамі, – расказвае мужчына.
У школе Віктар Дзедуль актыўна займаўся лёгкай атлетыкай. Спорт дапамог яму не толькі падтрымліваць выдатную форму, але і падарожнічаць: за гады вучобы ён аб’ехаў усе буйныя гарады Беларусі і пабываў у многіх сталіцах былога Савецкага Саюза. У юнацкім узросце выканаў нарматыў кандыдата ў майстры спорту па лёгкай атлетыцы.
У 1977 годзе скончыў школу і доўга сумняваўся, выбраць будучую прафесію ў педагогіцы або сельскай гаспадарцы. Нават заяўку падаў у педагагічную ВНУ, але перадумаў і пайшоў у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, які скончыў па спецыяльнасці “аграномія”.
– У нас у інстытуце не было ваеннай кафедры, таму адразу пасля заканчэння вучобы я быў прызваны на службу ў артылерыйскі полк на Дальні Усход, у горад Лялічы, што каля Усурыйска, – расказвае суразмоўца. – Гэта быў лепшы час для станаўлення асобы і загартоўкі характару, дагэтуль помню баявых таварышаў і нумар часці, у якой служыў. А нядаўна высветлілася, што ў гэтым самым падраздзяленні, толькі крыху ў іншы час, служыў мой калега з жылкамунгаса.
Работу Віктар Дзедуль пачынаў у 1984 годзе старшым аграномам СВК “Нягневічы”, у хуткім часе стварыў сям’ю. У мінулым годзе сям’я адзначыла рубінавае вяселле, на якое ў гасцінным доме Дзедуляў сабраліся дзеці і ўнукі, каб павіншаваць сваіх любімых бацькоў.
А сорак гадоў таму маладая сям’я прыехала ў незнаёмы горад Дзятлава паспытаць шчасця на новым месцы. Віктар Станіслававіч працаваў тут у Дзятлаўскай сельгасхіміі.
– Спачатку жылі на кватэры, але ў хуткім часе я атрымаў ад раёна ўчастак на вуліцы Прытыцкага і пачаў будаваць дом, які патрабуе сіл і работы пастаянна, – узгадвае ён.

Важным перыядам працоўнай біяграфіі Віктара Дзедуля стала работа настаўнікам дапрызыўнай падрыхтоўкі і фізічнай культуры ў адной з дзятлаўскіх школ, дзе працаваў больш за 10 гадоў, быў класным кіраўніком. Збылася яго даўняя мара аб рабоце ў педагогіцы.
– Работа ў школе, размовы з вучнямі, як ніякія іншыя, навучылі мяне разуменню людзей, паслядоўнасці словаў і дзеянняў, дыпламатыі, – разважае ён. – Гэты вопыт мне вельмі спатрэбіўся ў рабоце ў жылкамунгасе. Мабыць, з таго часу замацаваўся мой жыццёвы прынцып: не абяцай, калі не ўпэўнены, што здзейсніш яго, а калі паабяцаў – трымай слова. Прыемна, што мінулі гады, і сёння я сустракаю сваіх вучняў, якія сталі добрымі спецыялістамі, займаюць значнае месца ў жыцці Дзятлаўшчыны.
Быць мудрым і ўважлівым кіраўніком Віктара Станіслававіча навучылі людзі, з якімі ён працаваў.
Каля дзесяці гадоў Віктар Дзедуль адпрацаваў у Лідскім раёне, але ўвесь час цягнула на радзіму, якой ён даўно стаў лічыць Дзятлаўскі край. Па вяртанні сюды некаторы час працаваў кіраўніком РДА “Канверсія”, а ў хуткім часе ўладкаваўся ў Дзятлаўскае РУП ЖКГ намеснікам дырэктара, дзе працуе і сёння.
– Штодня працуючы ў жылкамунгасе, я з радасцю адзначаю, як у станоўчы бок мяняецца камунальная галіна, сфера добраўпарадкавання, будаўніцтва, увогуле ўсё ў раёне. Сённяшні кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі шмат робіць для дабрабыту Дзятлаўшчыны. Заўважаюць гэта і самі дзятлаўчане, – адзначае суразмозца.
Расказваючы пра свае клопаты, кажа, што іх шмат, тым не менш нічога асаблівага ён не робіць.
– Забяспечваць насельніцтва раёна своечасова і якаснымі камунальнымі паслугамі – гэта асноўная наша задача, – кажа мужчына. – З яе вынікае другая – заўсёды быць уважлівым да людзей. Практычна штодня дзятлаўчане тэлефануюць або прыходзяць у жылкамунгас са сваімі бытавымі пытаннямі, стараемся ў кожным выпадку дапамагчы.
Любая справа ладзіцца ў дружнай камандзе, якой з’яўляецца калектыў Дзятлаўскага РУП ЖКГ. Віктар Дзедуль лічыць, што яму пашанцавала з добрымі кіраўнікамі прадпрыемства – Сяргеем Лунёй і Васілём Пецюком, які сёння ўзначальвае жылкамунгас. Малады кіраўнік не толькі адказна ставіцца да непасрэдных абавязкаў, але і шчыра “хварэе” за тое, каб Дзятлаўшчына квітнела: прыдумвае, узгадняе з кіраўніцтвам раёна праекты, якія становяцца ўпрыгажэннем населеных пунктаў. А мы актыўна ўдзельнічаем у іх рэалізацыі і радуемся выніку.
Пасля напружанага, а часам і падоўжанага рабочага дня Віктар Станіслававіч вяртаецца ў сваю ціхую гавань, сямейнае гняздо, дзе заўсёды добра.
– Сям’я – мой баланс у гэтым мітуслівым жыцці. Тут безумоўна любяць і чакаюць, заўсёды разумеюць і падтрымліваюць, – завяршае аповед пра жыццё і людзей Віктар Дзедуль.
Разам з роднай жонкай яны ніколі не сумуюць, бо ў доме, на сваёй зямлі, заўжды ёсць прастор для фантазіі і ўвасаблення новых задумак. Два дарослыя сыны – любоў і гонар мужчыны: старэйшы працуе ў абласным камісарыяце ў Гродне, малодшы – дзяржслужачым у Мінскім раёне. Пры сваёй вялікай занятасці дзеці і ўнукі знаходзяць час наведаць Дзятлаўшчыну і бацькоў. Бо праўду кажуць, што, дзе б мы ні жылі, малую радзіму і родны дом носім з сабой у сэрцы.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
нашелучшее #нашалепшае