Паступова і планамерна праводзяцца мерапрыемствы па навядзенні і падтрыманні парадку на Дзятлаўшчыне.


Пазітыўныя змяненні закранаюць не толькі райцэнтр, але і іншыя населеныя пункты раёна, у ліку якіх – гарадскі пасёлак Наваельня.

Тут адбываецца асфальтаванне вуліцы і завулка Снітко, якое выконвае ДРБУ-119.

У рабоце занята асфальтаўкладачная і падрыхтоўчая тэхніка арганізацыі: грэйдары, асфальтаўкладчык, каткі, грузавыя аўтамабілі на падвозцы асфальтабетоннай сумесі; працуе брыгада асфальтаўкладкі пад кіраўніцтвам майстра Андрэя Шастака.

– На названых вуліцах гарпасёлка гравійнае пакрыццё будзе пераведзена ў асфальтабетоннае, – расказаў дырэктар ДРБУ-119 Віталь Балтрушка. – Работы па вуліцы Снітко ахопяць участак агульнай працягласцю 384 метры на суму 134 тысячы рублёў, у завулку Снітко – 242 метры на суму 66 тысяч рублёў. Сродкі для правядзення работ выдзелены з раённага бюджэту.

Па словах Віталя Мікалаевіча, дарожная служба актыўна рыхтуецца да надыходзячага зімовага перыяду: робяць пясчана-салявыя сумесі для пасыпкі аўтадарог, запас вешак для абазначэння небяспечных участкаў дарогі.

Як адзначылі ў райвыканкаме, добраўпарадкаванне і рамонты вуліц раёна прадоўжацца, у бліжэйшай будучыні – рамонт асфальтавага пакрыцця яшчэ на двух участках гарпасёлка Наваельня.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Дятлово ОНЛАЙН» по короткой ссылке @gazeta_peramoga
#нашелучшее #нашалепшае #ГОД БЛАГОУСТРОЙСТВА